Трохi далей на выгане ўзвышаўся невялiкi пагорак, з якога было вiдаць амаль усю ферму. Жывёлы забралiся на вяршыню пагорка i азiрнулiся навокал у ясным ранiшнiм ззяннi. Так, гэта належала iм - усё, што яны бачылi навокал, належала iм! У захапленнi ад гэтай думкi яны радасна кружылiся на месцы i падскоквалi ўгару ад шчасця. Яны качалiся ў расе, набiралi поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалi нагамi камякi чорнай зямлi i нюхалi яе шчодры пах. Тады яны абышлi ўсю ферму i агледзелi ў цiхiм захапленнi раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны нiбыта i не бачылi ўсяго гэтага раней, i нават цяпер iм было цяжка паверыць, што гэта ўсё iхняе.

Пасля яны вярнулiся да будынкаў i моўчкi спынiлiся перад уваходам у сядзiбу. Яна таксама належала iм, але яны баялiся ўвайсцi. Праз хвiлiну, аднак, Сняжок i Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынiлi дзверы, i жывёлы ўвайшлi нясмелаю чарадою, ступаючы з вялiкаю асцярогай ад боязi што-небудзь парушыць. Яны пераходзiлi на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, i з багавейным страхам разглядалi неверагодную раскошу, ложкi з пярынамi, люстэркi, канапу, набiтую конскiм воласам, аксамiтны дыван, лiтаграфiю каралевы Вiкторыi над камiнам у гасцёўнi. Яны якраз спускалiся па сходах, калi заўважылi, што згубiлася Молi. Вярнуўшыся, яе знайшлi ў найлепшай спальнi. Яна выцягнула з туалетнага столiка мiсiс Джоўнз блакiтную стужку i цяпер, прыклаўшы яе да пляча, выдурвалася перад люстэркам. Усе сурова яе паўшчувалi, i яны выйшлi на двор. Некалькi кумпякоў, што вiселi на кухнi, былi вынесеныя для ўрачыстага пахавання, а барылку з пiвам у каморы Баксёр прабiў капытом, больш яны ў доме нi да чога не дакранулiся. Адразу аднадушна пастанавiлi, што сядзiба будзе захаваная ў якасцi музея. Было вырашана, што нiхто з жывёлаў нiколi не будзе там жыць.

Жывёлы паснедалi, i тады Сняжок i Напалеон зноў склiкалi iх разам.

- Таварышы, - сказаў Сняжок, - цяпер палова сёмай гадзiны, i наперадзе яшчэ доўгi дзень. Сёння мы пачынаем сенакос. Але ёсць у нас i яшчэ адна справа, якой мы найперш мусiм аддаць увагу.



12 из 79