I свiннi расказалi, што за апошнiя тры месяцы яны навучылiся чытаць i пiсаць з старога лемантара, якi належаў дзецям мiстэра Джоўнза i якi выкiнулi на сметнiк. Напалеон загадаў прынесцi белай i чорнай фарбы i прывёў усiх да брамы, што выходзiла на гасцiнец. Тады Сняжок (бо якраз Сняжку лепей удавалася пiсанне) зацiснуў пэндзаль памiж косткамi капыта, замазаў на верхняй бэльцы брамы назву "Ферма Мэнар" i напiсаў замест яе "Ферма Жывёлаў". Гэтак мелася з гэтага часу называцца ферма. Пасля гэтага яны вярнулiся да будынкаў, дзе Сняжок i Напалеон паслалi па драбiны, якiя яны загадалi прыставiць да сцяны вялiкага гумна. Яны растлумачылi, што ў вынiку роздуму за апошнiя тры месяцы свiннi здолелi звесцi прынцыпы Жывялiзму да Сямi Запаведзяў. Гэтыя Сем Запаведзяў цяпер будуць запiсаныя на сцяне, яны стануцца непарушным законам, паводле якога ўсе насельнiкi Фермы Жывёлаў мусяць жыць ад гэтага дня i назаўсёды. З пэўнай цяжкасцю (бо свiннi не надта зручна лазiць па драбiнах) Сняжок залез угору i ўзяўся за працу, а колькi прыступак нiжэй стаяў Вiскун i трымаў фарбу. Запаведзi былi напiсаныя на прасмоленай сцяне вялiкiмi белымi лiтарамi, якiя чыталiся з адлегласцi трыццаць ярдаў. Гучалi Запаведзi так:

Сем Запаведзяў

1. Усе, хто ходзiць на дзвюх нагах, - ворагi

2. Усе, хто ходзiць на чатырох нагах або мае крылы, - сябры

3. Нiводная жывёла не павiнна насiць адзенне

4. Нiводная жывёла не павiнна спаць у ложку

5. Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку

6. Нiводная жывёла не павiнна забiваць iншых жывёлаў

7. Усе жывёлы роўныя

Напiсана было вельмi чыста, i калi не лiчыць, што замест "ложку" было напiсана "лошку" i адно "я" было павернута ў другi бок, усё было слушна i без памылак. Сняжок прачытаў напiсанае ўголас, каб зразумелi астатнiя. Усе жывёлы ўхвальна качалi галовамi, а разумнейшыя адразу пачалi завучваць Запаведзi на памяць.



13 из 79