I ўсе жывёлы, нават сама маленькiя, пераварочвалi сена i збiралi яго. Нават качкi i куры сноўдалi цэлы дзень сюды-туды на сонцы, носячы ў дзюбах маленькiя жмуточкi сена. Урэшце яны скончылi сенакос, затрацiўшы на яго на два днi меней, чым на гэта iшло часу ў Джоўнза i ягоных людзей. Да таго ж, гэта быў найлепшы ўраджай сена за ўсю гiсторыю фермы. Стратаў не было зусiм; куры i качкi з iх пiльнымi вочкамi падабралi ўсё да апошняй былiнкi. I нiводная жывёлiна на ферме не ўкрала нi калiва сена.

Усё лета праца на ферме iшла як добра наладжаны механiзм. Жывёлы нiколi сабе не ўяўлялi, што яны могуць быць такiя шчаслiвыя. Кожны кавалак ежы выклiкаў у iх незвычайную радасць, бо цяпер гэта была сапраўды iх ежа, здабытая iмi самiмi i дзеля iх самiх, а не мiзэрныя порцыi, выдзеленыя скупым гаспадаром. Цяпер, калi не было болей гэтых нiкому не патрэбных паразiтаў людзей, кожнаму прыпадала болей ежы. Болей было цяпер i вольнага часу, хоць жывёлы i не мелi нiякага досведу ў тым, як яго бавiць. Яны сутыкалiся з рознымi цяжкасцямi - напрыклад, праз нейкi час, калi яны збiралi збожжа, iм прыйшлося малацiць яго на стары лад i выдзiмаць з яго мякiну, бо на ферме не было малатарнi - але свiннi з сваiм розумам i Баксёр з сваёй неверагоднаю сiлай заўсёды iх ратавалi. Баксёрам захаплялiся ўсе. Ён быў добры работнiк яшчэ за часамi Джоўнза, але цяпер ён быў нiбы тры канi, а не адзiн; былi днi, калi здавалася, што ўся праца на ферме клалася на яго магутныя плечы. З ранiцы да ночы ён штурхаў i цягнуў, i заўсёды быў там, дзе найцяжэй. Ён дамовiўся з адным пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай на паўгадзiны раней ад усiх астатнiх, i сам браўся за якую-небудзь працу - такую, якая здавалася яму найбольш неабходнай, - перш чым пачынаўся звычайны працоўны дзень. Ягоным адказам на кожную перашкоду, на кожную няўдачу было: "Я буду працаваць яшчэ старанней!" - ён узяў гэтыя словы сабе за дэвiз.



15 из 79