
Але кожны працаваў адпаведна сваiм магчымасцям. Куры i качкi, напрыклад, уратавалi пяць бушаляў збожжа пад час жнiва, старанна падбiраючы зярняткi. Нiхто не краў, нiхто не скардзiўся за порцыi. Сваркi, бойкi i зайздрасць, такiя звычайныя штодзённыя з'явы колiшнiх часоў, цяпер амаль зусiм знiклi. Нiхто не ўхiляўся ад працы - цi амаль нiхто. Молi, што праўда, не надта ахвотна паднiмалася ранiцаю i мела звычку iсцi з працы раней, апраўдваючыся тым, што ёй у капыт забiўся камень. Дзiўныя былi i паводзiны ката. Неўзабаве ўсе заўважылi: як толькi трэба нешта рабiць, ката нiколi нельга знайсцi. Ён знiкаў на цэлыя гадзiны, тады раптам з'яўляўся, калi трэба было есцi, або ўвечары, калi праца была ўжо скончаная, з выглядам, быццам так i трэба. Але ён заўсёды знаходзiў такiя цудоўныя прабачэннi i муркаў так прыязна, што было проста немагчыма не паверыць у яго добрыя намеры. Стары асёл Бэнджамiн, як здавалася, пасля Паўстання зусiм не змянiўся. Ён працаваў з той самай маруднай упартасцю, як i за часы Джоўнза, нiколi не ўхiляючыся, але i не беручы нiколi добраахвотна дадатковае працы. Пра Паўстанне i яго вынiкi ён звычайна не выказваў нiякiх думак. Калi ў яго пыталiся, цi шчаслiвейшы ён цяпер, пасля выгнання Джоўнза, ён звычайна адказваў: "Аслы жывуць доўга. Нiхто з вас яшчэ нiколi не бачыў мёртвага асла", i ўсе мусiлi задавольвацца гэтым загадкавым адказам.
Нядзелi былi вольныя ад працы. Снедалi на гадзiну пазней, чым звычайна, а пасля снядання адбывалася цырымонiя, якая неадменна паўтаралася кожны тыдзень. Спачатку паднiмалi сцяг. Сняжок быў знайшоў у рымарнi стары зялёны абрус мiсiс Джоўнз i намаляваў на iм белай фарбай падкову i рог. Сцяг паднiмаўся на флагштоку перад сядзiбай кожную нядзелю ранiцай. Сцяг быў зялёны, як тлумачыў Сняжок, таму што ён выяўляў зялёныя палi Англii, тым часам як падкова i рог азначалi будучую Рэспублiку Жывёлаў, якая паўстане, калi чалавечы род будзе канчаткова зрынуты.
