
Рымарню свiннi выбралi сабе за штаб. Вечарамi яны вывучалi тут кавальства, цяслярства i iншыя неабходныя рамёствы з кнiжак, якiя яны вынеслi з сядзiбы. Сняжок сам займаўся яшчэ i арганiзаваннем iншых жывёлаў у гэтак званыя Жывёльныя Камiтэты, выяўляючы пры гэтым нястомную заўзятасць. Для курэй ён заснаваў Камiтэт па Вытворчасцi Яек, для кароў - Саюз Чыстых Хвастоў, для авечак - Рух за Бялейшую Воўну. Быў створаны яшчэ Камiтэт Перавыхавання Дзiкiх Таварыстваў (з мэтаю прыручэння пацукоў i зайцоў) i шмат iншых, а таксама курсы па лiквiдацыi непiсьменнасцi. Агулам беручы, усе гэтыя задумы не ўдалiся. Спроба ўхатнiць дзiкiх жывёлаў, напрыклад, правалiлася амаль адразу. Тыя працягвалi паводзiць сябе па-ранейшаму, а калi да iх ставiлiся з шчодрасцю i спагадай, яны проста з гэтага карысталi. Кот далучыўся да працы Камiтэта Перавыхавання i колькi дзён быў вельмi актыўны. Адзiн раз бачылi, як ён сядзеў на даху i гутарыў з вераб'ямi, якiя абачлiва трымалiся ад яго на адлегласцi. Ён расказваў iм, што цяпер усе жывёлы таварышы i што любы верабей мог бы падысцi i сесцi яму на лапу; аднак вераб'i не наважвалiся падысцi блiжэй.
