
Тым не меней iх не на жарт спалохала паўстанне на Ферме Жывёлаў, i яны пастаралiся зрабiць, што маглi, каб iх уласныя жывёлы як мага меней пра гэта ведалi. Спачатку яны спрабавалi высмеяць саму iдэю таго, што жывёлы самi могуць весцi гаспадарку. Тыднi праз два ўсё гэта развалiцца само па сабе, казалi яны. Яны пускалi чуткi, што жывёлы на Ферме Мэнар (яны i далей упарта называлi яе "Ферма Мэнар", не церпячы назвы "Ферма Жывёлаў") увесь час ваююць памiж сабою i таму хутка памруць з голаду. Калi прайшоў нейкi час, а жывёлы зусiм не памерлi з голаду, Фрэдэрык i Пiлкiнгтан завялi iншую песню i пачалi гаварыць пра страшны шал злачыннасцi i распусты, якi нiбыта лютаваў цяпер на Ферме Жывёлаў. Казалi, што жывёлы там ядуць адна адну, катуюць адна адну распаленымi да чырванi падковамi, а самак ужываюць супольна. Вось што выйшла з гэтага паўстання супраць законаў Прыроды, казалi Фрэдэрык i Пiлкiнгтан.
Аднак нiхто да канца не верыў гэтым байкам. Няясныя i перакручаныя чуткi пра дзiвосную ферму, дзе жывёлы, выгнаўшы людзей, сталiся гаспадарамi свайго жыцця, разыходзiлiся ўсё далей, i ўвесь гэты год у наваколлi не спадала хваля бунтарных настрояў. Заўсёды паслухмяныя быкi раптам зрабiлiся дзiкiмi, авечкi зносiлi агароджы i пляжылi канюшыну, каровы перакульвалi даёнкi, конi адмаўлялiся скакаць цераз перашкоды i перакiдалi праз iх коннiкаў.
