
На пачатку кастрычнiка, калi збажына была зжатая i стаяла ў сцiртах, а частка была ўжо абмалочаная, прыляцела, кружляючы ў паветры, купка галубоў i села на панадворку Фермы Жывёлаў у нязвыклым узрушэннi. Джоўнз i ўсе яго людзi, ды яшчэ паўтузiна iншых з Фоксвуда i Пiнчфiлда, увайшлi праз браму i рухалiся цяпер дарогаю, што вяла да фермы. Усе яны неслi кii, апрача Джоўнза, якi ступаў наперадзе з стрэльбаю ў руках. Яны вiдавочна збiралiся адваяваць ферму.
Гэтага чакалi ўжо даўно, i таму ўсё было загадзя падрыхтавана. Сняжок, якi ўважлiва вывучыў старую кнiгу пра выправы Юлiя Цэзара, знойдзеную ў сядзiбе, узяў на сябе кiраванне абароннымi аперацыямi. Ён хутка раздаў загады, i праз пару хвiлiн кожная жывёлiна была ўжо на сваiм баявым пасту.
Калi чалавечыя стварэннi наблiзiлiся да будынкаў фермы, Сняжок распачаў сваю першую атаку. Усе галубы, колькасцю трыццаць пяць, лёталi сюды-туды над галовамi людзей i брудзiлi на iх з паветра; i пакуль людзi абцiралiся, гусi, што хавалiся за жываплотам, кiнулiся на iх i пачалi бязлiтасна шчыпаць iх за лыткi. I, аднак, гэта была толькi лёгкая папярэдняя сутычка, скiраваная на тое, каб стварыць разлад у шэрагах супрацiўнiка, i людзi лёгка адагналi гусей кiямi.
