Памiж насельнiкамi фермы зазначыўся глыбокi падзел у пытаннi аб ветраку. Сняжок не адмаўляў, што пабудаваць яго - справа няпростая. Трэба будзе нанесцi камення i змураваць сцены, тады зрабiць крылы, а пасля гэтага спатрэбiцца генератар i правады. (Як усё гэта дастаць, Сняжок не казаў.) Але ён сцвярджаў, што ўсё гэта можна зрабiць за год. Затое пасля, абяцаў ён, будзе заашчаджана столькi працы, што жывёлам трэба будзе працаваць толькi тры днi на тыдзень. Напалеон, са свайго боку, падкрэслiваў, што вялiкай неабходнасцю бягучага моманту з'яўляецца павышэнне вытворчасцi харчоў i што калi яны будуць марнаваць час на пабудову ветрака, то яны ўсе памруць з голаду. Жывёлы падзялiлiся на дзве фракцыi: адна пад лозунгам "За Сняжка i трохдзённы тыдзень", а другая - "За Напалеона i поўнае карыта". Бэнджамiн быў адзiны, хто не далучыўся да нiводнай фракцыi. Ён не верыў нi ў тое, што пабольшае ежы ў карыце, нi ў тое, што вятрак заашчадзiць працу. Будзе вятрак або не будзе, казаў ён, жыццё ўсё адно будзе такое, якое было дагэтуль - гэта значыць кепскае.

Побач са спрэчкамi вакол ветрака гарачым было i пытанне абароны фермы. Было цалкам верагодна, што, хоць чалавечыя стварэннi i былi разбiтыя ў Бiтве пры Хляве, яны маглi зрабiць яшчэ адну, больш рашучую спробу адваяваць ферму i аднавiць панаванне мiстэра Джоўнза. Яны тым болей мелi на гэта падставы, што навiна пра iх паражэнне разышлася па наваколлi i жывёлы на суседнiх фермах зрабiлiся натурлiвыя, як нiколi раней. Як звычайна, Сняжок i Напалеон не пагаджалiся мiж сабою. Паводле Напалеона, што жывёлы мусiлi зрабiць, дык гэта здабыць пальную зброю i практыкавацца ў яе ўжываннi.



28 из 79