
Нарэшце настаў дзень, калi Сняжковы чарцяжы былi гатовыя. На Сходзе, што меўся адбыцца наступнай нядзеляй, пытанне пра пабудову ветрака выносiлася на галасаванне. Калi жывёлы сабралiся ў вялiкiм гумне, Сняжок устаў i, хоць яго часам перапыняла бляянне авечак, выклаў свае аргументы за пабудову ветрака. Тады Напалеон падняўся для адказу. Ён вельмi спакойна сказаў, што вятрак гэта бязглуздзiца i што ён нiкому не раiць галасаваць за яго, i тут жа зноў сеў; гаварыў ён усяго нейкiх трыццаць секунд i, здавалася, не зважаў, цi зрабiлi яго словы хоць найменшае ўражанне на прысутных. У адказ на гэта Сняжок ускочыў на ногi i, прыкрыкнуўшы на авечак, якiя зноў пачалi бляяць, выступiў з палымяным заклiкам на карысць ветрака. Дагэтуль жывёлы былi амаль пароўну падзелены ў сваiх прыхiльнасцях, але праз хвiлiну Сняжок захапiў iх сваiм красамоўствам. Красамоўнымi фразамi ён распiсаў карцiну жыцця на Ферме Жывёлаў, якiм яно магло б быць, калi б цяжар непасiльнай працы быў зняты з iх спiн. Цяпер яго ўяўленне лунала значна вышэй за сячкарнi i электрадаiлкi. Электрычнасць, казаў ён, зможа прывесцi ў рух малатарнi, плугi, бароны, касiлкi, жнейкi, снопавязалкi i, апроч таго, забяспечыць кожнае стойла электрычным святлом, халоднай i гарачай вадою i электрычным ацяпленнем. Калi ён скончыў прамову, нiхто ўжо не сумняваўся ў тым, у якi бок пойдзе галасаванне. Але якраз у гэты момант Напалеон устаў i, неяк дзiўна паглядзеўшы скоса на Сняжка, пранiзлiва завiшчаў, так, як нiхто яшчэ нiколi не чуў.
