
I зноў жывёлы былi збянтэжаныя. Нiколi не мець нiякiх зносiн з чалавечымi стварэннямi, нiколi не займацца гандлем, нiколi не ўжываць грошы - цi не былi гэта адныя з першых пастановаў, прынятых на першым урачыстым Сходзе пасля выгнання Джоўнза? Усе жывёлы памяталi, як прымалiся гэтыя пастановы, цi, прынамсi, iм здавалася, што яны памятаюць. Чатыры маладыя парсюкi, якiя пратэставалi, калi Напалеон адмянiў Сходы, нясмела запярэчылi, але, пачуўшы пагрозлiвае гырканне сабакаў, адразу змоўклi. Тады, як звычайна, авечкi завялi сваё "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна", i хвiлiнная збянтэжанасць была загладжана. Нарэшце Напалеон падняў нагу, запатрабаваўшы цiшынi, i паведамiў, што ён ужо пра ўсё дамовiўся. Жывёлам не трэба будзе самiм уваходзiць у кантакт з чалавечымi iстотамi, што было б вельмi непажадана. Ён вырашыў узяць увесь гэты цяжар на свае плечы. Нехта мiстэр Уiмпэр, юрыст з Уiлiнгдона, згадзiўся быць пасярэднiкам памiж Фермай Жывёлаў i знешнiм светам i будзе заходзiць на ферму кожны панядзелак ранiцай, каб атрымаць iнструкцыi. Напалеон скончыў сваю прамову сваiм звычайным воклiчам: "Хай жыве Ферма Жывёлаў!", i, пасля праспявання "Звяроў Брытанii", жывёлы былi распушчаныя.
Пасля гэтага Вiскун абышоў ферму i супакоiў яе жыхароў. Ён запэўнiў iх, што пастанова супраць вядзення гандлю i ўжывання грошай нiколi не была прынятая i нават не прапаноўвалася. Гэта ўсё была чыстая фантазiя, каранi якой трэба шукаць у хлуснi, што iшла ад Сняжка. Некаторыя жывёлы ўсё ж крыху сумнявалiся, але Вiскун дасцiпна спытаўся ў iх: "Цi вы пэўныя, што не прыснiлi ўсё гэта, таварышы? Можа, У вас тыя пастановы запiсаныя на паперы? Цi яны ўвогуле калi-небудзь запiсвалiся?" I як сапраўды было чыстаю праўдай, што нiчога падобнага ў пiсьмовай форме не iснавала, дык жывёлы пагадзiлiся, што гэта была памылка.
