Усё гэтае лета жывёлы былi няблага забяспечаныя, нягледзячы на цяжкую працу. Калi ў iх было i не болей ежы, чым у часы Джоўнза, дык, прынамсi, i не меней. Перавага ў тым, што яны кармiлi цяпер толькi самiх сябе, а не мусiлi ўтрымлiваць яшчэ пяць марнатраўных чалавечых iстотаў, была такая вялiкая, што кампенсавала шматлiкiя нягоды. Да таго ж, шмат у чым метады працы жывёлаў былi больш эканомныя i эфектыўныя. Такая праца, як, напрыклад, праполка, магла быць зроблена з стараннасцю, недасяжнай для чалавека. Зноў жа, як нiхто з жывёлаў цяпер не краў, дык не было патрэбы аддзяляць выган ад ворнай зямлi, што ашчаджала шмат працы на ўтрыманне агароджаў i веснiчак. Тым не меней з наблiжэннем восенi пачала адчувацца непрадбачаная нястача розных неабходных рэчаў. Былi вельмi патрэбныя газа, цвiкi, вяроўкi, сухары сабакам i жалеза на падковы - i ўсё гэта не выраблялася на ферме. Пазней павiнны былi спатрэбiцца таксама насенне i штучныя ўгнаеннi, розныя iнструменты i, нарэшце, абсталяванне для ветрака. Дзе гэта ўсё ўзяць, нiхто не мог сабе ўявiць.

Аднойчы ў нядзелю ранiцай, калi жывёлы сабралiся, каб атрымаць загады, Напалеон паведамiў, што ён вырашыў перайсцi да новай палiтыкi. З гэтага часу Ферма Жывёлаў мелася наладзiць гандаль з суседнiмi фермамi: вядома ж, не дзеля камерцыйных мэтаў, а проста каб набыць некаторыя матэрыялы, якiя былi пiльна неабходныя. Патрэбы ветрака маюць стаяць вышэй за ўсё, сказаў ён. I таму ён вёў перамовы аб продажы стога сена i часткi сёлетняга ўраджаю збожжа, а пасля, калi спатрэбiцца больш грошай, iх можна будзе зарабiць, прадаючы яйкi, на якiя ў Уiлiнгдоне заўсёды быў попыт. Куры, сказаў Напалеон, мусяць з радасцю пайсцi на гэтую ахвяру, бо гэта будзе iх адмысловы ўклад у пабудову ветрака.



35 из 79