
- Мюрыэль, - сказала яна, - прачытай мне Чацвёртую Запаведзь. Цi няма ў ёй пра тое, каб нiколi не спаць у ложку?
Мюрыэль з цяжкасцю праслiбiзавала.
- Тут напiсана: "Нiводная жывёла не павiнна спаць у ложку на прасцiне", урэшце паведамiла яна.
Дзiўна, але Канюшынка не памятала, каб Чацвёртая Запаведзь згадвала пра прасцiну; але калi гэта было напiсана на сцяне, значыць, гэтак яно i мусiла быць. I Вiскун, якi якраз у гэты момант праходзiў мiма ў суправаджэннi двух сабакаў, здолеў выкласцi гэтую справу ў патрэбным святле.
- Дык вы, таварышы, чулi, - сказаў ён, - што мы, свiннi, спiм цяпер у ложках у сядзiбе? А чаму не? Вы ж, пэўна, не думаеце, што некалi была пастанова супраць ложкаў? Ложак проста значыць месца, на якiм спяць. Куча саломы ў стойле, калi разглядаць гэта адпаведным чынам, таксама ложак. Закон быў супраць прасцiнаў, бо гэта ўжо чалавечая выдумка. Мы падаставалi прасцiны з ложкаў у сядзiбе i спiм, закруцiўшыся ў коўдры. I гэта вельмi ўтульныя ложкi! Але не больш утульныя, чым нам патрэбна пры той разумовай працы, якую мы мусiм рабiць сёння, вось што я вам скажу, таварышы. Вы не пазбавiце нас права на адпачынак, праўда ж, таварышы? Вы ж не зробiце так, каб нам было зусiм цяжка выконваць свае абавязкi? Нiхто ж з вас не хоча, каб вярнуўся Джоўнз?
