У гэтым жывёлы запэўнiлi яго без лiшнiх развагаў, i больш ужо нiхто не гаварыў, што свiннi спяць у ложках у сядзiбе. А калi праз некалькi дзён было абвешчана, што ад таго часу свiннi будуць уставаць ранiцай на гадзiну пазней за астатнiх жывёлаў, нiхто ўжо i не падумаў паскардзiцца.

Калi надышла восень, жывёлы былi змораныя, але шчаслiвыя. У iх быў цяжкi год, а пасля продажу часткi сена i збожжа запасы ежы на зiму былi не такiя ўжо i багатыя, аднак вятрак быў аддзякаю за ўсе нягоды. Цяпер ён быў ужо амаль напалову збудаваны. Пасля жнiва выдалася яшчэ колькi пагодлiвых сухiх дзянькоў, i жывёлы працавалi з большым напружаннем, лiчачы, што варта пацягаць цэлы дзень сюды-туды вялiзныя камянi, калi гэта магло ўзняць сцяну хоць яшчэ на адзiн фут. Баксёр часам нават выходзiў начамi i працаваў гадзiну цi дзве пад месячным святлом. У свае вольныя хвiлiны жывёлы хадзiлi вакол недабудаванага ветрака, захапляючыся трываласцю i перпендыкулярнасцю сцен i дзiвячыся, што яны самi здолелi зрабiць нешта гэткае незвычайнае. I толькi стары Бэнджамiн не выяўляў нiякага энтузiязму што да ветрака, хоць, як звычайна, не казаў нiчога, апрача загадкавай заўвагi, што аслы жывуць доўга.

Настаў лiстапад з лютымi паўднёва-заходнiмi вятрамi. Будаўнiцтва давялося спынiць, бо было занадта мокра, каб разводзiць цэмент. Нарэшце надарылася ноч, калi вецер быў такi моцны, што будынкi фермы хiсталiся на сваiх падмурках i некалькi плiтак дахоўкi зляцела з гуменнага даху. Куры прачнулiся, квохкаючы ад жаху, бо ўсе прыснiлi адначасова, што чулi, як недзе непадалёку стрэлiла гармата. Калi ранiцаю жывёлы павыходзiлi са стойлаў, яны ўбачылi, што флагшток павалены, а вяз, што рос на краi саду, вырваны з коранем, як моркаўка. Не паспелi яны агледзець гэта, як з усiх жывёльных глотак вырваўся крык роспачы. Перад iмi адкрылася страшнае вiдовiшча. Вятрак ляжаў у руiнах.

Не згаворваючыся, яны кiнулiся да яго. Напалеон, якi нiколi не паскараў хады, бег наперадзе ўсiх.



39 из 79