Так, увесь плён iх змагання ляжаў зраўнаваны з зямлёю, камянi, якiя яны з такiмi намаганнямi разбiвалi i зацягвалi на ўзгорак, рассыпалiся на ўсе бакi. Не могучы спачатку вымавiць нi слова, яны стаялi, жалобна пазiраючы на крушню разваленага камення. Напалеон моўчкi хадзiў сюды-туды, раз-пораз нюхаючы зямлю. Хвост ягоны разагнуўся i нервова торгаўся з боку ў бок, што сведчыла пра напружаную разумовую дзейнасць. Раптам ён спынiўся, быццам нешта вырашыўшы.

- Таварышы, - сказаў ён спакойна, - цi ведаеце вы, хто нясе адказнасць за гэта? Цi ведаеце вы, хто той вораг, якi прыйшоў уночы i разбурыў наш вятрак? Сняжок! - I раптам ён закрычаў грымотным голасам: - Гэта ўчынiў Сняжок! З сваёй зламыснасцi, iмкнучыся сарваць нашыя планы i адпомсцiць за сваё ганебнае выгнанне, гэты здраднiк пракраўся сюды пад покрывам ночы i знiшчыў вынiкi нашай амаль гадавой працы. Таварышы, тут i цяпер я абвяшчаю Сняжку смяротны прысуд. Медаль "Жывёла-Герой" другога класа i пуд яблыкаў таму, хто выканае прысуд. Два пуды яблыкаў таму, хто зловiць яго жывога!

Жывёлы былi незвычайна ўражаныя, даведаўшыся, што Сняжок здатны на такое злачынства. Пачулiся крыкi абурэння, i кожны пачаў абдумваць, як злавiць Сняжка, калi той надумае вярнуцца. Амаль адразу ж на траве недалёка ад узгорка з ветраком былi заўважаныя свiныя сляды. Яны былi бачныя толькi на працягу некалькiх ярдаў, але было вiдаць, што яны вядуць да дзiркi ў агароджы. Напалеон прынюхаўся да iх i абвясцiў, што яны належаць Сняжку. Ён выказаў меркаванне, што Сняжок, вiдаць, прыйшоў з боку фермы Фоксвуд.

- Не будзем адкладваць на пасля, таварышы! - закрычаў Напалеон, вывучыўшы сляды. - Нас чакае шмат працы. Сёння ранiцай мы пачнём адбудоўваць вятрак i будзем будаваць яго ўсю зiму, i ў дождж, i ў сцюжу. Хай гэты няшчасны здраднiк ведае, што яму не ўдасца так проста закрэслiць нашую працу. Памятайце, таварышы, у нашых планах не павiнна быць нiякiх змен, усё мусiць быць выканана дзень у дзень.



40 из 79