Напалеон заявiў, што неабходна правесцi поўнае расследаванне Сняжковае дзейнасцi. Выйшаўшы ў суправаджэннi сабакаў, ён уважлiва агледзеў усе гаспадарчыя будынкi, а ўсе астатнiя жывёлы сачылi за iмi на паважнай адлегласцi. Праз кожныя некалькi крокаў Напалеон спыняўся i нюхаў зямлю, шукаючы Сняжковых слядоў, якiя, як ён казаў, ён мог вызначыць па паху. Ён прынюхваўся ў кожным кутку, у гумне, у хляве, у курнiках, у гародзе, i знаходзiў Сняжковы сляды амаль усюды. Ён прыкладаў лыч да зямлi, колькi разоў глыбока ўдыхаў паветра i крычаў страшным голасам: "Сняжок! Ён быў тут! Я добра яго чую!", i, пачуўшы слова "Сняжок", сабакi гыркалi так, што кроў застывала ў жылах, i шчэрылi iклы.

Жывёлы былi не на жарт напалоханыя. Iм здавалася, што Сняжок напоўнiў паветра вакол iх сваiмi нябачнымi ўплывамi i пагражаў iм рознымi няшчасцямi. Увечары Вiскун склiкаў усiх разам i з трывогаю на твары сказаў, што мае паведамiць важную навiну.

- Таварышы! - закрычаў Вiскун, нервова падскокваючы. - Выявiлася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пiнчфiлд, якi збiраецца напасцi на нас i забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за праваднiка, калi пачнецца наступ. Але ёсць i страшнейшая навiна. Мы думалi, што Сняжок узняўся на бунт толькi праз сваю фанабэрыю i ганарлiвасць. Але мы памылялiся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку! Увесь гэты час ён быў сакрэтным агентам Джоўнза. Усё гэта выявiлася з дакументаў, якiя засталiся пасля яго i якiя мы знайшлi толькi цяпер. На маю думку, гэтым шмат што тлумачыцца, таварышы. Цi ж мы самi не бачылi, як ён спрабаваў - на шчасце, без поспеху разбiць i знiшчыць нас у Бiтве пры Хляве?



44 из 79