Жывёлы былi агаломшаныя. Гэта было злачынства, якое зламыснасцю сваёй шмат перавышала разбурэнне ветрака! Але прайшло колькi хвiлiн, перш чым яны здолелi цалкам асэнсаваць гэта. Усе яны памяталi або думалi, што памятаюць, як яны бачылi Сняжка на чале жывёлаў у Бiтве пры Хляве, як ён iх падтрымлiваў i падбадаёрваў, як ён не даваў сабе перадыху нi на хвiлiну, нават калi шрацiны з Джоўнзавай стрэльбы паранiлi яму спiну. Спачатку было няпроста зразумець, як усё гэта стасавалася да паведамлення, што ён змагаўся на баку Джоўнза. Нават Баксёр, якi рэдка задаваў пытаннi, быў збiты з панталыку. Ён лёг, падклаў пад сябе пярэднiя ногi, заплюшчыў вочы i цяжкiм намаганнем паспрабаваў спарадкаваць свае думкi.

- Я не веру гэтаму, - сказаў ён. - Сняжок мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве. Я сам яго бачыў. Цi ж не ўзнагародзiлi мы яго адразу пасля бiтвы медалём "Жывёла-Герой" першага класа?

- Гэта была наша памылка, таварышы. Бо цяпер мы ведаем - усё гэта напiсана ў сакрэтных дакументах, якiя мы знайшлi, - што ў сапраўднасцi ён хацеў завабiць нас на загубу.

- Але ён быў паранены, - сказаў Баксёр. - Мы ўсе бачылi, як цякла кроў.

- Пра гэта было загадзя дамоўлена! - закрычаў Вiскун. - Джоўнзаў стрэл толькi трошкi яго зачапiў. Я мог бы паказаць табе адпаведную мясцiну ягоных запiсаў, калi б ты ўмеў чытаць. Задума была ў тым, што Сняжок у сама крытычны момант дасць сiгнал да ўцёкаў i адступiць перад ворагам. I яму гэта амаль удалося - я скажу нават, таварышы, што яму гэта ўдалося б, калi б не наш бясстрашны Правадыр, таварыш Напалеон. Памятаеце, як у той самы момант, калi Джоўнз i яго людзi ўбеглi на наш двор, Сняжок раптам павярнуўся i пачаў уцякаць, i большасць жывёлаў кiнулася за iм? А памятаеце, што якраз у той самы момант, калi ўсiх ахапiла панiка i ўсё здавалася загубленым, таварыш Напалеон выскачыў наперад з воклiчам "Смерць чалавецтву!" i ўкусiў Джоўнза за нагу? Вы ж памятаеце гэта, таварышы? - закрычаў Вiскун, падскокваючы на месцы.



45 из 79