
Быў ясны вясновы вечар. Трава i жываплоты залацiлiся пад косымi промнямi сонца. Нiколi раней ферма - а яны са здзiўленнем успомнiлi, што гэта была iх ферма, кожны лапiк яе быў iхняю ўласнасцю - не здавалася такою ўтульнай i выгоднай. Канюшынка паглядзела на схiл пагорка, i вочы яе напоўнiлiся слязьмi. Калi б яна магла выказаць свае думкi, яна сказала б, што не да гэтага яны iмкнулiся, калi бралiся за справу вызвалення ад прыгнёту людзей. Гэты тэрор i забойствы былi зусiм не тым, пра што яны так марылi ў тую ноч, калi стары Маёр упершыню абудзiў iх на паўстанне. Калi яна раней мела нейкi вобраз будучынi, дык гэта было грамадства без голаду i бiзуна, дзе ўсе роўныя, кожны працуе паводле здольнасцяў, дужы баронiць слабога, як яна баранiла вывадак качанят, захiнуўшы iх пярэдняю нагой, у памятную ноч Маёравай прамовы. А замест усяго гэтага - i яна не ведала чаму - яны дажылi да часоў, калi нiхто не можа сказаць таго, што думае, калi паўсюль сноўдаюць лютыя рыклiвыя сабакi i калi ты мусiш глядзець, як тваiх таварышаў разрываюць на шматкi пасля таго, як яны прызналiся ў страшных злачынствах. У яе ў галаве не было i думкi пра бунт цi непаслушэнства. Яна ведала, што нават гэтак было лепей, чым за часы Джоўнза, i што найперш трэба было зрабiць усё, каб не вярнулiся чалавечыя iстоты. Што б нi здарылася, яна застанецца вернай, будзе цяжка працаваць, выконваць усе загады, што ёй будуць давацца, i пагаджацца з кiраўнiчаю роляю Напалеона. I ўсё ж гэта было не тое, на што яна i ўсе iншыя жывёлы спадзявалiся i дзеля чаго аддавалi ўсе свае сiлы. Не дзеля таго яны будавалi вятрак i падстаўлялiся пад Джоўнзавы кулi. Гэтак яна думала, хоць ёй не ставала словаў, каб выказаць свае думкi.
Нарэшце, адчуўшы, што гэта можа замянiць тыя словы, якiх яна нiяк не можа знайсцi, яна пачала спяваць "Звяры Брытанii". Iншыя жывёлы, што сядзелi вакол яе, падхапiлi спеў, i яны праспявалi яе тры разы - вельмi суладна, але павольна i жалобна, так, як нiколi раней не спявалi.
Не паспелi яны скончыць, як Вiскун, у атачэннi двух сабакаў, падышоў да iх з выглядам, нiбы мае сказаць нешта важнае. Ён абвясцiў, што адмысловым дэкрэтам таварыша Напалеона "Звяры Брытанii" адмененыя. З гэтага часу спяваць iх забаронена.