Калi ўсё было скончана, ацалелыя жывёлы, апроч свiнняў i сабакаў, бязладным гуртом пацягнулiся прэч. Яны былi ўзрушаныя i няшчасныя. Яны не ведалi, што болей уразiла iх - здрада жывёлаў, якiя ўступiлi ў хаўрус з Сняжком, або крывавая адплата, сведкамi якое яны толькi што былi. Даўнейшымi часамi бывалi на ферме i не менш жахлiвыя сцэны крывавае бойнi, але ўсiм iм здавалася, што ўсё было значна страшней цяпер, калi гэта адбывалася памiж iмi. З таго часу, як Джоўнз пакiнуў ферму, i да гэтага дня нiводная жывёла нiколi не забiла iншае жывёлы. Не быў забiты нават нiводзiн пацук. Яны пакiравалiся да ўзгорка, на якiм стаяў недабудаваны вятрак, i, не згаворваючыся, леглi на зямлю, скупiўшыся, каб сагрэцца, - Канюшынка, Мюрыэль, Бэнджамiн, каровы, авечкi i цэлая чарада гусей i курэй - усе, апроч ката, якi раптоўна знiк якраз перад тым, як Напалеон загадаў жывёлам сабрацца. Нейкi час усе маўчалi. Адзiн Баксёр застаўся стаяць. Ён нервова круцiўся, абмахваючы даўгiм хвастом бакi, i час ад часу здзiўлена iржаў. Нарэшце ён сказаў:

- Я нiчога не разумею. Я нiколi не паверыў бы, што такое можа здарыцца на нашай ферме. Вiдаць, мы самi ў нечым вiнаватыя. Выйсце, на маю думку, у тым, што трэба працаваць яшчэ старанней. Цяпер я буду ўставаць ранiцай на цэлую гадзiну раней.

I ён няўклюдна патрухаў да кар'ера. Дабраўшыся туды, сабраў адну за адной дзве ношы камення, зацягнуў iх да ветрака i толькi тады пайшоў спаць.

Жывёлы скупiлiся вакол Канюшынкi i маўчалi. З пагорка, на якiм яны ляжалi, адкрываўся шырокi спазор на ваколiцы. Яны маглi бачыць большую частку Фермы Жывёлаў - даўгi выган, што цягнуўся да гасцiнца, сенажаць, гаёк, вадапой, узараныя палi, дзе ўжо зазелянела рунь, i чырвоныя дахi гаспадарчых будынкаў з дымам, што вiўся з комiнаў.



48 из 79