Цi ж вам, таварышы, цяпер не ясна, што ўсё лiхое ў нашым жыццi спароджана тыранiяй людскога роду? Трэба толькi пазбавiцца ад Чалавека, i плён нашай працы будзе належаць нам самiм. Амаль адразу мы станемся багатыя i вольныя. Дык што ж нам рабiць? А вось што: працаваць уночы i ўдзень, целам i душою, каб скiнуць уладу чалавечага роду! Вось мой заклiк да вас, таварышы: Паўстанне! Я не ведаю, калi пачнецца Паўстанне, гэта можа здарыцца праз тыдзень або праз сотнi гадоў, але я ведаю, гэтаксама пэўна, як бачу гэтую салому ў мяне пад нагамi, што раней цi пазней справядлiвасць пераможа. Няспынна памятайце пра гэта, таварышы, усю кароткую рэшту вашага жыцця! А галоўнае - перакажыце гэты мой заклiк тым, хто прыйдзе пасля вас, каб будучыя пакаленнi маглi працягнуць змаганне да пераможнага канца.

I памятайце, таварышы, ваша рашучасць павiнна быць непахiсная. Нiякiя доказы не павiнны збiць вас з тропу. Нiколi не слухайце, калi вам будуць казаць, што Чалавек i жывёлы маюць агульныя iнтарэсы, што дабрабыт Чалавека будзе азначаць i дабрабыт жывёлаў. Усё гэта мана. Чалавек не служыць iнтарэсам нiводнай жывой iстоты, апроч самога сябе. Дык хай жа сярод нас, жывёлаў, пануе поўная еднасць i братэрства ў змаганнi. Усе людзi - ворагi. Усе жывёлы таварышы.

У гэтую хвiлiну ўзняўся страшны гармiдар. Пакуль Маёр прамаўляў, чатыры вялiкiя пацукi выпаўзлi з сваiх нораў i цяпер сядзелi на заднiх лапах i слухалi яго. Раптам iх заўважылi сабакi, i толькi спрытна шмыгнуўшы ў свае норы, пацукi ўратавалi сабе жыццё. Маёр падняў нагу, заклiкаючы да цiшынi.

- Таварышы, - сказаў ён, - нам трэба вырашыць адну праблему. Дзiкiя звяры, такiя як пацукi або зайцы, - сябры яны нам або ворагi? Давайце паставiм гэта на галасаванне. Прапаную сходу пытанне: цi можна лiчыць пацукоў таварышамi?

Адразу прагаласавалi, i пераважнай большасцю было вырашана, што пацукi таварышы. Было толькi чацвёра нязгодных: усе тры сабакi i кот, якi, як высветлiлася пасля, галасаваў на два бакi. Маёр працягваў:



5 из 79