- Я яшчэ дадам наступнае. Паўтараю: заўсёды памятайце пра ваш абавязак варожасцi да Чалавека i ўсiх ягоных звычаяў. Той, хто ходзiць на дзвюх нагах, - вораг. Той, хто ходзiць на чатырох нагах або мае крылы, - сябар. Памятайце таксама, што, змагаючыся супраць Чалавека, мы не павiнны да яго прыпадабняцца. Нават калi вы пераможаце яго, не пераймайце ягоных заганаў. Нiводная жывёлiна нiколi не павiнна жыць у доме, спаць у ложку, насiць адзенне, пiць гарэлку, курыць тытунь, дакранацца да грошай або займацца гандлем. Усе звычкi Чалавека - лiха. I перад усiм, нiводная жывёлiна нiколi не павiнна панаваць над сваiмi блiзкiмi. Слабыя цi дужыя, разумныя цi дурныя, усе мы браты. Нiводная жывёлiна нiколi не павiнна забiваць iншай жывёлiны. Усе жывёлы роўныя.

А цяпер, таварышы, я раскажу вам пра сон, што я саснiў мiнулае ночы. Я не магу вам яго апiсаць. Гэта быў сон пра жыццё на зямлi, якое яно будзе, калi знiкне Чалавек. Але ён нагадаў мне штосьцi, пра што я даўно ўжо забыўся. Шмат гадоў таму, калi я быў маленькiм парасяткам, мая мацi i iншыя мацёры часта спявалi старую песню, з якой яны памяталi толькi мелодыю i тры першыя словы. Я памятаў гэтую мелодыю, калi быў малы, але даўно ўжо забыўся. Мiнулае ночы, аднак, яна вярнулася да мяне ў сне. I нават болей - вярнулiся i словы песнi, якую, я ў гэтым упэўнены, некалi даўно спявалi жывёлы, але пасля тыя словы сцерлiся з памяцi цэлых пакаленняў. Я праспяваю вам зараз гэтую песню, таварышы. Я ўжо стары, i голас у мяне грубы, але калi я навучу вас мелодыi, вы самi заспяваеце лепей за мяне. Яна называецца "Звяры Брытанii".

Стары Маёр пракашляўся i пачаў спяваць. Як ён сказаў, голас у яго быў грубы, але спяваў ён даволi добра, мелодыя была ўзрушальная, нешта сярэдняе памiж "Клементынай" i "Кукарачай". Словы былi такiя:

Шатландскi звер i звер ангельскi,



6 из 79