
Было гэта на пачатку сакавiка. На працягу наступных трох месяцаў разгарнулася шырокая патаемная дзейнасць. Маёрава прамова нарадзiла ў сама разумных жывёлiнаў на ферме зусiм новы погляд на жыццё. Яны не ведалi, калi адбудзецца прадказанае Маёрам Паўстанне, у iх не было падстаў думаць, што гэта станецца яшчэ за iх жыццём, але яны ясна бачылi, што iхнi абавязак падрыхтаваць гэтае Паўстанне. Клопат навучыць i арганiзаваць iншых выпаў, натуральна ж, на долю свiнняў, бо ўсе лiчылi, што свiннi - найразумнейшыя з усiх жывёлаў. Найвыдатнейшымi сярод свiнняў былi два маладыя кныры - Сняжок i Напалеон, якiх мiстэр Джоўнз гадаваў на продаж. Напалеон быў вялiкi, люты на погляд кныр бэркшырскае пароды, адзiны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркi, але вядомы сваёй упартасцю i ўменнем дамагацца свайго. Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык i больш кемлiвы, але лiчылася, што характар у яго недастаткова цвёрды. Усе астатнiя вепрукi на ферме гадавалiся на зарэз. Найбольш вядомы сярод iх быў маленькi тоўсты падсвiнак Вiскун з круглымi шчокамi, мiрглiвымi вочкамi, жвавымi рухамi i пранiзлiвым голасам. Ён быў цудоўным прамоўцам i, калi спрачаўся на нейкую складаную тэму, меў звычку скакаць сюды-туды i вiляць хвастом, што ўздзейнiчала на слухачоў вельмi пераканаўча. Пра Вiскуна казалi, што ён умее з чорнага зрабiць белае.
Гэтыя трое распрацавалi вучэнне старога Маёра ў завершаную сiстэму, якой яны далi назву Жывялiзм. Некалькi разоў на тыдзень, уночы, калi мiстэр Джоўнз засынаў, яны збiралi таемныя сходы ў гумне i тлумачылi iншым прынцыпы Жывялiзму. Спачатку яны сутыкнулiся з неразуменнем i абыякавасцю. Некаторыя жывёлы гаварылi пра абавязак вернасцi мiстэру Джоўнзу, якога яны называлi "Гаспадар", або выказвалi прымiтыўныя заўвагi, накшталт: "Мiстэр Джоўнз кормiць нас. Калi ён пойдзе, мы памрэм ад голаду". Iншыя ж пыталiся гэтак: "Чаго нам клапацiцца пра тое, што будзе, калi мы ўжо памрэм?" або "Калi гэтае Паўстанне так цi так адбудзецца, дык якая рознiца, будзем мы нешта рабiць дзеля гэтага або не?", i свiнням з вялiкай цяжкасцю даводзiлася пераконваць iх, што гэта пярэчыць духу Жывялiзму. Найдурнейшыя ж пытаннi задавала Молi, белая кабылка. Цi не першае, пра што яна спыталася ў Сняжка, было: "А цi будзе цукар пасля Паўстання?"
