
"Не, - цвёрда адказаў Сняжок. - У нас на ферме няма сродкаў, каб вырабляць цукар. Да таго ж, табе не спатрэбiцца цукар. Ты будзеш мець аўса i сена, колькi захочаш". "А цi можна будзе мне насiць стужкi ў грыве?" - спыталася Молi. "Таварыш, - сказаў Сняжок, - стужкi, якiя ты гэтак любiш, ёсць знак рабства. Цi ж ты не разумееш, што свабода даражэйшая за стужкi?"
Молi згадзiлася, але згода яе прагучала не вельмi пераканаўча.
Яшчэ болей давялося змагацца свiнням супраць хлуснi, якую разводзiў свойскi крумкач Масей. Масей, якога асаблiва песцiў мiстэр Джоўнз, быў шпiёнам i даносчыкам, але ён быў яшчэ i разумным прамоўцам. Ён сцвярджаў, што ведае пра iснаванне таямнiчае краiны, якая называецца Ледзянцовыя Горы, куды пасля смерцi адыходзяць усе жывёлы. Ляжыць яна ў небе, адразу за аблокамi, казаў Масей. У Ледзянцовых Гарах нядзеля бывае сем разоў на тыдзень, канюшына цвiце ўвесь год, а кавалкi цукру i льняная макуха растуць на платах. Жывёлы ненавiдзелi Масея, бо ён баяў байкi i не працаваў, але некаторыя верылi ў Ледзянцовыя Горы, i свiнням даводзiлася зацята спрачацца, каб пераканаць iх, што такой краiны не iснуе.
Сама вернымi iх вучнямi былi цяглавыя конi Баксёр i Канюшынка. Iм было вельмi цяжка прыдумаць што-небудзь сваёй галавой, але, пагадзiўшыся аднойчы з тым, што свiннi iх настаўнiкi, яны паглыналi ўсё, што iм казалi, i перадавалi сказанае жывёлам у форме простых доказаў. Яны неадменна прысутнiчалi на таемных сходах у гумне i найгучней спявалi "Звяры Брытанii", якiмi канчаўся кожны сход.
Вось жа выйшла так, што Паўстанне адбылося значна раней i значна прасцей, чым усе спадзявалiся.
