Ён пачаў ужо апускацца ў ваду, ды тут раптам дзесьцi ў самiм сабе пачуў незнаёмы глухi голас: "Выйсця няма. Я чайка. Я абмежаваны самою сваёю прыродаю i магу толькi тое, што магу. Калi б я быў прызначаны для таго, каб так многа ведаць пра палёты, у галаве ў мяне была б спецыяльная вылiчальная машына. Калi б я быў прызначаны для хуткасных палётаў, я меў бы кароткiя, як у сокала, крылы i харчаваўся б мышамi, а не рыбай. Праўду казаў бацька. Трэба забыцца на ўсё гэтае глупства. Трэба ляцець дадому, да сваёй Чарады i быць задаволеным, што я такi, якi ёсць, - слабая, абмежаваная ў сваiх магчымасцях чайка".

Голас змоўк, i Джонатан пагадзiўся з iм. Уночы чайка павiнна знаходзiцца на беразе, а з гэтай хвiлiны, пакляўся Джонатан, ён стане сама звычайнай чайкай. Ад гэтага ўсiм будзе толькi лепей.

Ён стомлена адарваўся ад вады i паляцеў да берага, усцешаны ўжо тым, што навучыўся лятаць на малой вышынi, бо такiя палёты дазваляюць эканомiць сiлу.

"Ды не, - падумаў ён. - Скончана з усiм, што было раней, з усiм, пра што я даведаўся. Я такая самая чайка, як i ўсе, i лятаць буду, як усе". Перасiльваючы боль, ён падняўся на сто футаў i, энергiчна махаючы крыламi, заспяшаўся да берага.

Ён адчуў палёгку, што прыняў рашэнне быць, як i ўсе ў Чарадзе. Не будзе больш той невядомай сiлы, што прымушала яго вучыцца, не будзе нi дзёрзкiх спроб, нi няўдач. Прыемна проста так ляцець на ўзбярэжныя агнi i нi пра што не думаць.

"Цемра!.. - той самы глухi голас унутры забiў трывогу. - Чайкi нiколi не лятаюць у цемры!"

Джонатан не зважаў на яго. "Так хораша! - думаў ён. - Свецiць месяц, агеньчыкi мiгцяць на вадзе, быццам праменьчыкi маякоў, i цiшыня, спакой..."

"Знiжайся! Чайкi нiколi не лятаюць у цемры! Калi б ты быў прызначаны для начных палётаў, ты меў бы вочы, як у савы! У цябе была б у галаве вылiчальная машына! I ты меў бы кароткiя, як у сокала, крылы!"



4 из 28