
Там, на вышынi, сярод начной цемры Джонатан Лiвiнгстан зажмурыўся. Знiк боль, не засталося i следу ад прынятага рашэння.
Кароткiя крылы. Кароткiя, як у сокала, крылы!
"Вось дзе разгадка! Якi ж я быў дурань! Усё, што мне трэба, - гэта маленечкiя крыльцы: усё, што мне трэба, - гэта ўсяго толькi скласцi крылы i ляцець на самых кончыках! Кароткiя крылы!"
Ён падняўся на дзве тысячы футаў над морам i, нi секунды не думаючы пра няўдачу i пагiбель, моцна прыцiснуў да цела шырокiя часткi крылаў, падставiў ветру ўсяго толькi вузкiя, выгнутыя, як крывыя кiнжалы, iх кончыкi i рынуўся крута ўнiз.
У вушах жудасна зароў вецер. Семдзесят мiляў у гадзiну, дзевяноста, сто дваццаць, i хуткасць усё нарастала. Пры ста сарака мiлях у гадзiну вецер не адчуваўся цяпер з гэтакай сiлай, як раней пры сямiдзесяцi, i, крышку павярнуўшы кончыкi крылаў, ён плаўна выйшаў з пiке i шэрым ценем праляцеў над хвалямi, нiбы гарматнае ядро.
Ад ветру ён зажмурыў вочы так, што засталiся толькi вузенькiя шчылiнкi, яго перапаўняла радасць. "Сто сорак мiляў у гадзiну! I не страцiць кiравання! Цiкава, а калi паспрабаваць не з дзвюх, а з пяцi тысяч футаў..."
Добрыя намеры, клятвы, якiя ён даваў толькi што, былi забытыя, змецены магутным ветрам. Але, парушыўшы слова, дадзенае самому сабе, ён не адчуваў за сабою вiны. Такiя абяцаннi могуць даваць чайкi, якiя нiчым не вылучаюцца сярод iншых. Для таго, хто хоць дакрануўся ў пазнаннi да дасканаласцi, яны не маюць значэння.
Як толькi ўзышло сонца, Джонатан зноў узяўся за свае практыкаваннi. З вышынi пяць тысяч футаў рыбацкiя судны глядзелiся маленькiмi трэсачкамi на сiняй марской роўнядзi, а чайкi з Чарады, што кружылiся над iмi, здавалiся лёгкiмi пылiнкамi.
Джонатан быў поўны сiлы i энергii i толькi крыху ўздрыгваў ад радасцi; ён ганарыўся тым, што здолеў перамагчы страх. Потым, доўга не думаючы, ён абхапiў сябе крыламi, пакiнуўшы пад вуглом самыя кончыкi, i рынуўся зверху ў мора.
