
На вышынi тысяча футаў ён пачаў выходзiць з пiке. Ад ураганнай сiлы ветру крылы трымцелi i трапяталiся так, што чуўся толькi глухi дрыгат, а проста на яго дарозе з фантастычнай хуткасцю вырасталi карабель i чарада чаек.
Спыняцца на такой хуткасцi ён не ўмеў, нават не ведаў, як зрабiць паварот пры такой хуткасцi.
Сутыкненне азначала б iмгненную смерць.
I тады ён заплюшчыў вочы.
Гэтым ранкам адразу пасля ўсходу сонца Джонатан Лiвiнгстан равучым камяком ветру i пер'я з хуткасцю дзвесце чатырнаццаць мiляў у гадзiну ўварваўся якраз у сярэдзiну Чарады. На гэты раз Чайка Ўдачы ўсмiхнулася яму, нiхто не загiнуў.
Калi, нарэшце, Джонатан здолеў скiраваць дзюбу ў неба, ён усё яшчэ iмчаўся з хуткасцю сто шэсцьдзесят мiляў у гадзiну. А калi запаволiў палёт да дваццацi мiляў i змог урэшце зноў распасцерцi крылы, карабель знаходзiўся на адлегласцi чатырох тысяч футаў ззаду ў яго i здаваўся невялiчкай шкарлупiнкай.
Ён разумеў, гэта - перамога. Гранiчная хуткасць! Чайка ляцiць з хуткасцю дзвесце чатырнаццаць мiляў у гадзiну! Гэта быў прарыў, незабыўны i непаўторны момант у гiсторыi Чарады i пачатак новай эры ў Джонатана-Чайкi. Каб не спыняць трэнiровак, ён падаўся ў зацiшную зону; там ён складваў крылы, пiкiраваў з васьмi тысяч футаў i неўзабаве навучыўся рабiць павароты.
Выявiлася, што на вялiзнай хуткасцi даволi паварушыць адным-адненькiм перцам на канцы крыла, каб зрабiць плаўны разварот. Аднак перш чым даведацца пра гэта, ён спазнаў, што варта паварушыць некалькiмi перцамi на такой хуткасцi, i пачынаеш круцiцца, як куля, выпушчаная з вiнтоўкi... Так Джонатан стаў першай на зямлi чайкай, якая выконвала фiгуры найвышэйшага пiлатажу.
