
Таварышы ўжо знаходзiлiся ў лабараторыi. Камай варажыў над дэшыфратарам электрамагнiтных сiгналаў. Тарасевiч сядзеў воддаль, трымаючы на твары мiну абыякавасцi. Балачан толькi пасмiхнуўся сам сабе: Тарасевiч быў у сваiм амплуа скептыка.
- Каго ловiш? - спытаў Балачан у Камая.
- Твой вопыт пераймае, бачыцца яму другi Палукс, - замест Камая адказаў Тарасевiч.
- Ты тады прачытаў чужую перадачу, - Камай ужо прывык да выбрыкаў Тарасевiча i не звярнуў на яго ўвагi, - а што, калi нашы шорахi таксама чыясьцi перадача? Хiба гэтага не можа быць?
- Думаеш? - няпэўна прамовiў Балачан, а самому раптам са здзiўляючай выразнасцю прыгадалася далiна i цяснiны. - Думаеш? - паўтарыў ён i пажартаваў: - Мы не ўсё ўмеем чытаць, - злавiўшы напружаны позiрк Тарасевiча, дадаў: - Напрыклад, думкi. Што думае зараз наш лекар?
Тарасевiч, якi выконваў у iх экспедыцыi абавязкi доктара, насмешлiва адпарыраваў:
- Ну, гэта яшчэ старажытныя ўмелi. Я думаю, што вы на маiх вачах вар'яцееце. Проста, праўда?
Балачан, аднак, падумаў, што зусiм не так проста. Яму зноў здалося, што Тарасевiч нешта мае на ўвазе, толькi не рашаецца выказаць услых. Вiдаць, яго думка можа здацца абсурднай, а ён нiчога так не баiцца, як паказацца смешным. Бяда з моладдзю. Колькi цiкавых iдэй, напэўна, вось так застаецца ў цянi з-за амбiцыi i ўмоўнасцей. I не падыдзеш да чалавека нават з цёплым словам, не прыме. Балачан уздыхнуў: мала яму шорахаў, дык яшчэ i Тарасевiч са сваiмi недамоўкамi.
Электраўсыпляльнiк дзейнiчаў хутка. Балачан паспеў улавiць толькi пачатак нейкай дзiўнай, як яму здалося, размовы таварышаў, як яго агарнуў глыбокi сон.
Балачан спаў роўна шэсць адмераных iм для адпачынку гадзiн. Аднак, прачнуўшыся, яшчэ доўга ляжаў i думаў. Па-першае, яму адразу ўспомнiлася апошняя пачутая iм фраза, сказаная Тарасевiчам: "У старога ёсць нюх, ён словамi не кiдаецца". I па-другое, сон. Звычайна, засынаючы з дапамогай усыпляльнiка, яны нiчога не снiлi.
