
- Дзе зданi, там заўсёды д'ябальшчына, - захоўваючы сур'ёзны выгляд, уставiў Тарасевiч i горача, можа, трохi гарачэй, чым вымагаў момант, паабяцаў: - Адасплюся...
Ён больш нiчога не дадаў. Балачану вельмi хацелася спытаць, што ён зараз думае. Але не адважыўся. Гэты хлопец перш сам упэўнiцца, а тады ўжо скажа. Iнакш слова з яго не выцягнеш, усё на жарт пусцiць. А то i што-небудзь з'едлiвае ўлепiць. Вось i прыходзiцца чакаць, пакуль яго думка сама выспее.
- Я там буду, - коратка сказаў Балачан таварышам на развiтанне, махнуўшы рукой у бок станцыi.
- Адрас стары, - не ўтрымаўся Тарасевiч, - далiна Шорахаў, цяснiна Летуценняў.
- Не забудзь запiсаць у Атлас, - пакiнуў за сабой апошняе слова Балачан. Але, дабраўшыся да месца, усё-такi ўспомнiў прыдумку Тарасевiча. Трапна сказана, можа прывiцца. Вось так, напэўна, i з'яўляюцца назвы ў геаграфii i астраномii, а мы потым доўга шукаем у iх нейкi асаблiвы сэнс. А яго часцей за ўсё няма, назва - дзiця хвiлiны, плод фантазii жартаўнiка.
У далiне ўсё было як учора. За выключэннем аднаго - спакою Балачана. Раз за разам абыходзiў ён цяснiны, прысаджваўся на той самы каменны выступ, на якiм надоечы ледзь не заснуў, нецярплiва ўскакваў i крочыў далей. Ён чагосьцi чакаў, спадзяваўся, што менавiта сёння адбудзецца з iм нешта незвычайнае.
Свiтанне засцiгла яго паблiзу гравiлёта. Спачатку над базай акрайчык чорнага неба набрыняў цяплом, пасвятлеў. Потым у прамежку памiж горнымi вяршынямi блiснуў серп Лаланда. Ён поўнiўся на вачах, i разам з гэтым дзень з гор апускаўся ў далiну.
Балачан зрушыў з месца гравiлёт, iмклiва ўзмыў у вышыню. Далiна з яе трыма цяснiнамi засталася далёка знiзу. Ён, нiбы развiтваючыся з ёю, у апошнi раз зiрнуў унiз, i раптам у яго трывожна скаланулася сэрца. Нешта да болю знаёмае ўбачылася яму ў гэтых абрысах. I тады прыйшло адчуванне нечага прыемнага, значнага, што неўзабаве адбудзецца з iм. На базу Балачан вярнуўся заспакоены, у добрым настроi.
