
На момант Балачан нiбы збоку паглядзеў на гэту карцiну i тады ўбачыў сярод загарэлых цел сябе. Вось ён павярнуўся да суседа, загаварыў з iм. "Мой апошнi дзень", - паведамiў сусед. "Куды?" - спытаў ён. "Дадому, на Марс". На Марс дык на Марс. Больш яны нi пра што не гаварылi, Балачан гэта добра памятае. Але яму раптам уявiўся працяг той размовы, нiбы сусед расказваў пра Марс, а ён, Балачан, бачыў усё гэта, толькi не са слоў суседа, а так, як быццам усё было на Марсе з iм асабiста. Да дэталяў. I пры гэтым ён увесь час здзiўляўся, што нiбы сам сабе задае пытаннi: як пабудаваны планеталёт, як выглядае марсiянскi ландшафт. Ад гэтых успамiнаў масткi непрыкметна перакiнулiся на Каменны мячык. I як тады, горы пачалi набываць абрысы фантастычных пабудоў. Потым каменны выступ, на якiм ён зараз сядзеў, здаўся зусiм не выступам, а прыступкай высокага ганка перад зачыненымi дзвярыма...
I тут Балачан схамянуўся, паматаў галавой, адганяючы дакучлiвы прывiд. Зiрнуў на гадзiннiк. Дзве гадзiны i восем хвiлiн. Да свiтання яшчэ доўга. Ён устаў, адышоў некалькi крокаў, пастаяў, зноў зiрнуў на гадзiннiк. Час цягнуўся вельмi марудна. Прайшло ўсяго пяць хвiлIн. I раптам яго як павяло сесцi на выступ зноў.
Спадарожнiца Каменнага мячыка апусцiлася за горы, у цяснiне стала зусiм цёмна, i Балачан вобмацкам знайшоў свой выступ. Гэта было дарэчы, бо галава зрабiлася цяжкай, як пасля напружанай, працяглай працы. Ён паспрабаваў расслабiцца. Галаве палягчэла, але затое вярнулiся ранейшыя фантастычныя прывiды. Незнаёмае, незямное паселiшча дзiўнай архiтэктуры. Будынкi, падобныя на скалы, навiслыя над шырокай ракой, пакрытай лёгкiм рабацiннем. Над iмi ззяе блакiтнае неба. А потым пачалося нешта незразумелае. Вада ў рацэ заклубiлася парай, неба пацямнела, i на iм выступiлi зоркi, якiх не магло загасiць нават дзённае свяцiла. Лаланд? Балачан падумаў, што вельмi падобна, i тады заўважыў новае падабенства: высахлая рака нагадвала ўжо знаёмую яму далiну.
