
"Зноў тое ж самае!" - мiльгнула ў галаве. Балачан аж раззлаваўся, хацеў устаць i пайсцi i... застаўся. Бо раптам падумалася, што варта было б паглядзець, чым усё гэта скончыцца. I сапраўды, у далiне тым часам пачалi разгортвацца новыя падзеi. У адной са скал-пабудоў з'явiлася шчылiна, i ў ёй паказалася нешта круглае, як чалавечая галава ў гермашлеме. Балачан мiжволi напружыўся, быццам мог разглядзець, хто гэта там выторкваецца са скалы. Дзiўна, але ён убачыў вочы. Як чалавечыя. Яны глядзелi праз абалонку гермашлема з непрытоеным сумам. Балачан аж сцепануўся пад гэтым позiркам. Гермашлем павярнуўся сюды-туды i схаваўся ў шчылiне, а следам знiкла i сама шчылiна. Балачан адчуў, што яго пакiдаюць сiлы. Але перш чым ён страцiў прытомнасць, яму яшчэ ўявiўся незнаёмы касмадром, iмклiвы ўзлёт ракеты i маленькая зорачка ў невядомым сузор'i.
- Балачан, га Балачан? - гэты поклiч пачуўся Балачану як далёкi, несапраўдны, адрасаваны камусьцi чужому. - Я зараз! - на гэты раз ён пазнаў голас i здзiвiўся, чаго ўсхваляваўся Тарасевiч. I раптам успомнiў усё, што яму нядаўна прывiдзiлася.
- Ты заснуў? - пытаўся Тарасевiч, саджаючы гравiлёт паблiзу ад Балачана.
Балачан акiнуў яго невiдушчым позiркам, ён усё яшчэ не мог вырвацца з-пад улады сваiх трызненняў.
- Пайшлi, - мякка, як да хворага, звярнуўся да яго Тарасевiч i ўзяў пад руку.
Балачан паслухмяна ўстаў i нечакана i для сябе, i тым болей для Тарасевiча папрасiў:
- Я хачу паглядзець твой сённяшнi дзённiк.
Тарасевiч уважлiва зiрнуў на яго i павярнуў да станцыi.
- А ведаеш, - сказаў Балачан, калi яны ўвайшлi ў памяшканне станцыi, я ўжо добра сябе адчуваю.
