
Тарасевiч моўчкi падвёў яго да стала, дзе знаходзiлiся запiсы аб сённяшнiм дзяжурстве. Балачан узяў iх у рукi i апусцiўся ў крэсла.
- Так яно i ёсць. З дзвюх васьмi да дзвюх трынаццацi ты прасвечваў цяснiны.
- Ну i што з таго? - Тарасевiч зноў рабiўся самiм сабой. - Як я разумею, ты на мяне за гэта не крыўдуеш?
- Наадварот...
- Вось як! - задаволена сказаў Тарасевiч. Ён праверыў, цi ўключана сувязь з базай, i спытаў: - Ты нас чуеш?
- Чую! Што там у вас? - нецярплiва крыкнуў Камай.
- Зараз прыедзем, Балачан праiнфармуе.
Камай ледзь дачакаўся iх.
- Такiя справы, - сказаў Балачан, калi яны з Тарасевiчам, скiнуўшы скафандры, уселiся ва ўтульным салоне базы. - Гэтыя шорахi, за якiмi мы ганялiся столькi часу, хутчэй за ўсё сiгналы. Ты, Камай, правiльна ўлавiў сутнасць праблемы. Так, сiгналы, - працягваў ён, - пакiнутыя для нас цi нам падобных колiшнiмi абарыгенамi планеты. Удалая iмiтацыя бiятокаў. Думаю, што перадатчык знаходзiцца недзе паблiзу, у раёне далiны. Мажлiва, нават схаваны над выступам, на якiм мяне агортвалi ўспамiны аб Зямлi i пасля прыходзiлi прывiды. А мажлiва, перадатчыкi раскiданы па ўсёй планеце, гэта нават больш верагодна. Адчуўшы нашы бiятокi, яны потым прымушаюць нас мысленна адказваць на пытаннi аб нас, людзях, аб нашых гарадах, ладзе жыцця. Наўрад цi аўтамату гэта патрэбна як звесткi. Хутчэй за ўсё ён павiнен упэўнiцца, што склад думак, прынцып мыслення i ў яго гаспадароў, i ў iстот, што трапiлi ў поле яго дзейнасцi, аднолькавы, што мы можам зразумець адзiн аднаго. I тады перадатчык "расказвае" разумным прышэльцам пра лёс планеты i цывiлiзацыi, якая тут некалi была. Натуральна, усё гэта бегла, штрыхамi. Але галоўнае ёсць - былая цывiлiзацыя паслала вестку сабе падобным.
- Што карысцi з тае весткi? - прамовiў Камай, уражаны неверагоднасцю паведамлення Балачана. - Iх самiх даўно няма.
