
Спецыялiсты зоркалёта тады выказалi меркаванне, што ва ўсiм было, вiдаць, вiнаватае пераменнае сiлавое поле планеты, якое на той выпадак магло рэзка ўзмацнiцца. I хаця нiхто раней гэтага поля не заўважаў, слова "пераменнае" адыграла сваю ролю i з вывадам спецыялiстаў пагадз'шiся. Таму i трапiла паведамленне Тураўца на палiцу ў сховiшча. А Балачана супадзенне насцярожыла.
Пасля размовы з Тураўцом Балачан распачаў бурную дзейнасць. Хадзiў па камiтэтах Акадэмii навук, даказваў, пераконваў, патрабаваў. I дамогся свайго. Разам з двума добраахвотнiкамi, такiмi ж шукальнiкамi касмiчных таямнiц - Камаем i Тарасевiчам, - ён апынуўся на Каменным мячыку. З таго дня прайшло ўжо сорак зямных сутак, а ён усё яшчэ не мог па-шчырасцi сказаць, дарэмна цi не ляцелi яны сюды. Калi i была таямнiца, то планета моцна трымала яе, паспяхова хаваючы ад чужых вачэй i вушэй. Здавалася, не хопiць таго года, якi быў адмераны Балачану i таварышам на пошукi таямнiцы планеты.
Кожны вечар адзiн з iх тройкi адпраўляўся да цяснiн, дзе людзi Тураўца адзначылi начныя шорахi. Там была створана назiральная станцыя. Ва ўтульным домiку, абсталяваным дасканалай тэхнiкай, можна было, не баючыся нiчога непрадбачанага, сачыць за тым, што адбываецца на схiлах гор i ў далiнах. А сачыць, уласна, не было за чым. Праўда, шорахi ўзнiкалi. Чуйныя прыборы ўлаўлiвал! нешта падобнае на рух, быццам нехта спрытны i асцярожны краўся паўз сцены назiральнай станцыi. Прынамсi, так гучалi ў навушнiках гэтыя шорахi. Але калi iх пакiдалi iстоты, то былi яны, напэўна, невiдзiмкамi, бо на экранах нi разу не мiльгнуў нават цень. I Камай з Тарасевiчам усё часцей заўважалi Балачану, што шорахi хутчэй за ўсё ўзнiкаюць у вынiку значнай рознiцы дзённых i начных тэмператур, якiя параджаюць пэўныя электрычныя з'явы.
