
Гэта было вельмi падобна на праўду, i ў Балачана пасля такiх размоў пачынала трывожна ныць сэрца. Ён пакутлiва думаў тады, цi не дапусцiў памылкi, паддаўшыся ўяўнай загадкавасцi выпадку. Потым перакананасць брала верх. Шорахi ж iснавалi, а сiлавое поле - не. I нават калi ён з хлопцамi высветлiць, чаму перарывалася сувязь, вядома, калi гэтая з'ява мае дачыненне да планетных умоў, то i тады яны не дарэмна прыбылi сюды. Але, як на тое, сувязь працавала бездакорна, i Балачан губляўся, што яму разгадваць - шорахi цi правалы ў сувязi.
- Слухай, Балачан, - сказаў аднойчы Тарасевiч, вярнуўшыся з начнога дзяжурства, - давай адкладзём наша паляванне за шорахамi. Усё роўна, калi iх робяць зданi, мы iх не заўважым.
Наставала ранiца iх сорак першага дня на Каменным мячыку. У далёкай вышынi засвяцiлiся няпэўныя залацiстыя водблiскi.
- Падман, бутафорыя, - працягваў Тарасевiч, кiваючы на пасвятлелае неба. - Гэта сiмвалiчная атмасфера не захоўвае нi цяпла, нi холаду. Таму i трашчыць усё навокал.
- Уначы? - нечакана пачулася з суседняга пакоя, дзе спаў Камай.
Балачан прыслухаўся. У гэтым пытаннi-рэплiцы мiльгнуў нейкi прыхаваны сэнс.
- Табе мала начных? - Тарасевiч зазiрнуў у пакой таварыша.
- Мала! - Камай выйшаў, не апрануўшыся, у трусах, нiбы былi яны на роднай Зямлi, а не за трыльёны кiламетраў ад яе. - Ты мне скажы, чаму ўдзень мы нiчога падобнага не чуем?
- Бо не слухаем, - пацiснуў плячыма Тарасевiч i падышоў да столiка, на якiм дзяжурны Балачан рыхтаваў яму сняданак. - Быка з'еў бы!
- Учора слухаў, - не адставаў Камай.
