
Акно было шырокае, на ўсю сцяну, i прапускала столькi святла, што часам Камаю здавалася, нiбы ён фiзiчна адчувае, як хвалi фатонаў нястрымным патокам урываюцца ў памяшканне i вось-вось змятуць хлiпкую празрыстую перашкоду на сваiм шляху, якой была шыба з тонкага пластыку. Святла даходзiла столькi, што без цьмяных акуляраў немагчыма было доўга глядзець праз акно - нават блiзкiя прадметы злiвалiся ў адно i ў вачах з'яўлялася рэзь.
Але людзi не хацелi заценьваць сваё акно. Пасля доўгiх год, праведзеных у чорнай прасторы воддаль ад роднага Сонца, iм i чужы Лаланд з яго нясцерпна яркiмi праменнямi раптам здаўся блiзкiм. Яны не маглi нацешыцца з яго святла.
Недзе там, унiзе, дзе ад далiны, як прапiленыя, адгалiноўвалiся тры вузкiя камянiстыя цяснiны, прытулiлася назiральная станцыя. Адсюль яе простым вокам не разгледзець - маленькi, на адну аператарскую залу домiк без акон. Уначы, калi вядуцца назiраннi, яны непатрэбныя. Iх замяняюць экраны, звязаныя з гравiметрамi, iнфралакатарамi, сейсмографамi, энергаўлоўнiкамi i iншымi прыборамi, якiя патрэбны, каб нават малекула, чужародная гэтаму асяроддзю, не засталася незаўважанай.
Камаю ўспомнiлася яго першае дзяжурства на назiральнай станцыi. Балачан прапанаваў тады пабыць разам. Ён адмовiўся. З упартасцi. Хаця на добры лад варта было згадзiцца. Бо тая ноч далася яму ў знакi. Ён быў увесь у напружаным чаканнi нечага таямнiчага якое вось-вось павiнна адбыцца за сценкамi домiка. Не адрываў вачэй ад экранаў, прыслуховаўся да маўклiвага дынамiка. Хутка ў яго пачало мроiцца ў вачах, i ён ужо не разумеў, цi то яму здалося, цi то на самай справе на экране лакатара паплылi няпэўныя, зменлiвых абрысаў ценi. Ён нават прапусцiў першы шорах. Да яго дайшло, што дынамiк ажыў толькi тады, калi шорах паўтарыўся. Аднак шорахi былi яго адзiным здабыткам, як высветлiлася ранiцай. I не толькi яго, як аказалася пазней...
