Тарасевiч насмешлiва зiрнуў на яго i адправiў у рот ладны кавалак смажанага мяса. Не пражаваўшы добра, з'едлiва спытаў:

- Трашчыць?

- Як тонкi лёд пад нагамi...

Камай быў сур'ёзны, i Балачан раптам адчуў непакой.

- Пакуль ты вартаваў зданi, я параўноўваў запiсы шумаў...

- I што? - не вытрымаў Балачан.

- Ёсць рознiца. Дакладней, уначы выдзяляюцца iншыя шумы, вiдаць, тыя, якiя мы ўмоўна называем шорахамi. - Ён заскочыў у лабараторыю i прынёс стужку, на якой пяро асцылографа пакiнула хвалепадобныя сляды. - Вось паглядзiце самi.

Балачан быў гатовы расцалаваць Камая. Але стрымаў эмоцыi, пабаяўся кпiнаў вострага на язык Тарасевiча. I яшчэ яму было нiякавата, што гэта простая думка аб параўнаннi шумаў прыйшла ў галаву не яму, старшаму ў iх маленькай групе, а Камаю, хлопцу, якi толькi-толькi скончыў унiверсiтэт. Узяўшы стужку, ён нiчога не сказаў таварышам i зачынiўся ў лабараторыi.

- Што гэта са старым? - здзiвiўся Тарасевiч. Балачан быў старэй iх год на дзесяць, не болей. Аднак iм, дваццацiпяцiгадовым, ён здаваўся пажылым. Да таго ж, яны не забывалi, што за яго плячыма адкрыццё лёсу зоркалёта, якi адправiўся некалi да Палукса. Таму i называлi Балачана памiж сабой старым.

- А ты спакойны? - не адказваючы, спытаў Камай.

- Парсекi - не тая адлегласць, якую мераюць дзеля забавы. Я таксама хачу знайсцi нешта новае. I нi ты, нi стары не можаце папракнуць мяне, што я раблю нешта не так. Але хiба мая вiна, што мы гонiмся за мiражом?

- Не верыш Балачану?

- Я не ў адпачынку i буду рабiць усё, што ён загадае.

- Ты нiбы перакладваеш адказнасць.

- Дзiвак ты, Камай, у нас адзiн лёс. Але я аддаю перавагу надзейнай iдэi.

Камай хацеў нешта адказаць на гэта. Тарасевiч перабiў яго:

- Даруй, я стамiўся.

Камай пачакаў, пакуль ён пойдзе, i падышоў да акна. Iх база была абсталявана на тэрасе, якая ўтварылася на паўднёвым схiле старой гары. Тэраса была роўная, як спецыяльна прыгладжаная, навiсала над шырокай далiнай, i з яе добра прагледжвалiся нават аддаленыя на дзесяткi кiламетраў горы. Самае месца для базы на планеце, дзе няма зручных дарог.



4 из 20