
Цяснiна была доўгая i вузкая. Яе гранiтныя бакi амаль не пашыралiся ўверсе, былi гладкiя i роўныя, як аблiцаваныя. Камай ужо заглядваў сюды, калi ставiлi станцыю. Тады ў яго не хапiла часу, каб па-сапраўднаму ацанiць гэту прыгажосць. А ў начныя дзяжурствы Балачан не дазваляў выходзiць вонкi, ды ў цемры нiчога гэтага i не ўбачыш.
Неўзабаве Балачан спынiўся, узняў галаву, нешта выглядаючы на стромкiм схiле.
- Што там? - крыкнуў Камай.
Балачан пачакаў яго, тады растлумачыў:
- Тут пачынаецца зона найбольшай актыўнасцi шорахаў.
Камай слiзгануў позiркам па каменнай сцяне. Нiчога адметнага. Такая ж, як i на пачатку цяснiны. Наўрад цi маглi шорахi ўзнiкаць недзе тут.
- Гэ-эй, турысты, дзе вы блукаеце?
Голас прагучаў неспадзявана. Камай з Балачанам здзiўлена павярнулiся тварамi адзiн да аднаго i засмяялiся. Не, гэта была не вестка ад таго, хто шоргае нябачнымi падэшвамi па планеце ўначы. Гэта быў знак ад Тарасевiча.
- Хутка вернемся, - паабяцаў Балачан таварышу, якi выклiкаў iх з базы.
- Як заўсёды, нiчога новага? - шлемафон дакладна перадаў iронiю, якую ўклаў у свае словы Тарасевiч.
- А што б ты хацеў? - пакрыўдзiўся Камай.
- Нiчога, бо я нiчога не чакаю.
- Га, Балачан! Давай дакажам малаверу i знойдзем жывую iстоту вунь на той гары! - Камай раптам развесялiўся. - Я веру Тураўцу.
- Якая патэтыка! - не сунiмаўся Тарасевiч. - А ты што скажаш, камандор?
- Абед гатовы?
Тарасевiч папярхнуўся, а Камай зарагатаў.
Пазней, калi яны ўтрох сядзелi за абедзенным сталом, Балачан сам вярнуўся да гэтай размовы.
- Мы дапускаем памылку, - нечакана для таварышаў сказаў ён, - вельмi даверылiся прыборам.
- Яны дасканалыя, - запярэчыў Камай.
- I бездапаможныя без чалавека, - заўважыў Балачан.
