- Як i чалавек тут, - уставiў Тарасевiч.

- Табе абы спрачацца, - папракнуў яго Камай.

- Хто пярэчыць? - не звярнуў увагi на Камаеву рэплiку Балачан. - Але яшчэ няма штучнага мозгу, мацнейшага за чалавечы...

- Ты хочаш сказаць, што мы павiнны пашырыць пошукi? Аблазiць усю планету? Так? - ажывiўся Камай. Яго самога не надта задавальняла роля рэгiстратара пры экранах назiральнай станцыi. - Марнатраўства - сядзець увесь дзень на базе.

- I ўначы таксама.

- Iнструкцыя... - разгубiўся Камай. Ён ведаў, што ў iнструкцыях, складзеных для касмiчных разведчыкаў, было шмат ад фармальнага. Але разам з тым ён ведаў, што гэты фармалiзм неабходны, бо загадзя ўсяго не прадугледзiш, а неасцярожнасць часта прыводзiць да бяды. Таму ён нагадаў: Пункт пяты восьмага параграфа гаворыць: "Пакуль не высветлена сутнасць з'явы, нельга лiчыць, што чалавеку нiчога не пагражае".

- У iнструкцыi ёсць дадатак, помнiш: "За выключэннем выпадкаў, калi з'ява непасрэдна пагражае жыццю чалавека", - усмiхнуўся Балачан.

- Не магу з табой спаборнiчаць, - адмахнуўся Камай, - ты, напэўна, ведаеш усе параграфы i дадаткi, пачынаючы з эпохi ранняга космасу. Аднак у дадзеным выпадку нашаму жыццю нiчога не пагражае.

- Каб не ты падкiнуў мне там у цяснiне гэту iдэю, я сказаў бы, што ты занадта правiльны чалавек для даследчыка, - Балачан хiтравата блiснуў вачыма. - Так што не прыкiдвайся. I не глумi ў сабе, калi яна часам наведвае цябе, тую вар'яцкую iскарку, якая адна абяцае вялiкае адкрыццё. Не бойся яе!

- Мудрацы! - Тарасевiч дэманстратыўна пазяхнуў, пасунуў на край стала брудны посуд, пачакаў, пакуль робат прыбярэ, i ўстаў: - То я пайду падрыхтую гравiлёт. Так, камандор? I праб'ю дзiрку ў корпусе, каб стварыць гэту самую пагрозу, - ён засмяяўся i выйшаў.

- Зайздрошчу Тарасевiчу, - сказаў Камай, - нiякiх сумненняў.

- А ты не думаеш, што гэта занадта простае тлумачэнне? - задумлiва адказаў Балачан.



8 из 20