О'Хара Джон

Далягляд (на белорусском языке)

Джон О'Хара

Далягляд

Пераклад: Уладзiмiр Шчасны

У рэдакцыi спакайнела. Паверхам вышэй, у спартыўным аддзеле, вось ужо добрае паўгадзiны iшла начная гульня ў брыдж. Супрацоўнiкi за рэдакцыйным сталом чыталi ранiшнi нумар цi проста сядзелi, абыякавыя да ўсяго, утаропiўшыся ў што-небудзь перад носам. Некалькi рэпарцёраў сядзела за сталамi. Яны пiсалi пiсьмы, рабiлi нейкiя накiды, нават займалiся белетрыстыкай, але толькi не рыхтавалi матэрыялаў у газету. Пра гэта можна было здагадацца. Прынамсi, Макгiр мог сказаць адразу. Пасля столькiх гадоў работы ён ужо ведаў амаль усё з газетнай справы. Ведаў ён, як выглядае рэдакцыя газеты на кожным этапе падрыхтоўкi нумару. Ён адкiнуўся ў крэсле i пачаў гойдацца ў iм, трымаючы ў зубах патухлую люльку. Каб тым, за рэдакцыйным сталом, не здацца такiм, якiмi ён бачыў iх, Макгiр устаў, паволi падышоў да акна i пачаў глядзець на капiтолiй. Гэты яго бок быў яму такi знаёмы.

Васемнаццаць гадоў галоўны адмiнiстрацыйны будынак штата засланяў яму далягляд. Праўда, не зусiм так. Ён сядзеў за сталом, тварам да гарадской ратушы, за якой быў вiдаць капiтолiй, дзесяць гадоў цi амаль дзесяць гадоў. Быў час, калi за ўсё начное дзяжурства ён нiчога не бачыў, акрамя скрынак з карэспандэнцыяй i падшывак газет. Можна адняць гэты час ад васемнаццацi гадоў. Можна таксама адняць i тыя чатыры месяцы, што ён прабыў у добраахвотным, але непрыемным выгнаннi ў якасцi галоўнага рэдактара "Бiкана". Паколькi рэдакцыя "Бiкана" размяшчалася на Фран-стрыт, яму не вiдаць было нават купала капiтолiя. У "Бiкане" далягляд засланяў склад фiрмы "Хольцхаймер - складскiя памяшканнi. Мiжгароднiя перавозкi". Але ўсё ж, як бы там нi было, цяпер ён глядзеў на тое, што засланяла яму далягляд васемнаццаць цi там дзесяць гадоў. Ва ўсялякiм разе гэта былi не самыя лепшыя гады. Калi ўзяць усе васемнаццаць, дык яны былi толькi крыху горшыя за дзесяць. Цяжка прызвычаiцца да шыбенiцы, калi нават i прыйшлося пагойдацца.



1 из 4