
З нейкiм пачуццём горычы Макгiр падумаў, што хулiганы маглi намаляваць дрэнныя словы на другой сцяне, цi па прапанове якой-небудзь хiтрай камiсii па пытаннях мастацтва яе размалявалi па дыяганалi ў ружовыя i блакiтныя палосы, а ён пра гэта i не ведаў. Зрэшты, ён усё ж такi дачуўся б, i, хутчэй за ўсё, калi б такая важная падзея адбылася, яму б даручылi рэдагаваць паведамленне аб гэтым. Другi бок капiтолiя быў нябачны i тады, калi ён iшоў дадому цi выпiць чарку ў бары "У Пэдзi" альбо ў рэстаране "Ласi". Калi яму трэба была кашуля, пiжама цi бялiзна, ён заўсёды купляў у краме Гроса, а не дзе-небудзь паблiзу капiтолiя. Калi, па заклiку прыроды, ён iшоў да мiс Элiзабет, дык капiтолiй аказваўся ў другiм баку. За ўвесь час блiзкасцi з Джэз яму так i не выпала зiрнуць на другi бок капiтолiя, бо кватэра, у якой жыла Джэз разам з яшчэ адной дзяўчынай, была на Хiл-стрыт, за квартал цi за два ад рэдакцыi. Ён пачаў злавацца ад думкi, што некаторыя юрысты i ўсялякiя тузы, якiя не жывуць у горадзе, калi падумаць, дык бачылi другi бок капiтолiя намного часцей, чым ён, хоць яму было лягчэй бразнуць даляравай манетай аб сцяну капiтолiя, чым у свой час Вашынгтону перакiнуць такую ж манету цераз рэчку Рапаханок, акрамя таго, ён на гэту будынiну з вапны (на гэты яе бок) глядзеў кожныя пяць з сямi начэй.
I вось цяпер, не адразу, але лёгка, ён здагадаўся, чаму гэтай ноччу кiдае работу ў рэдакцыi. Важная падстава была заўсёды, але яму не верылася, што знойдзецца што-небудзь такое i стане штуршком для такога рашэння. Так, вядома, у студзенi яму споўнiлася 43 гады. Але ўжо да гэтага ўсё больш прозвiшчаў яго знаёмых сустракалася на старонцы, дзе друкуюць некралогi. Дый не абавязкова ўсе яны былi добра знаёмыя, хутчэй, сучаснiкi ў тым сэнсе, што, займаючыся газетнай справай, ён не звяртаў увагi на рознiцу ў гадах памiж сабой i гэтымi шэльмамi. Людзi, якiх ён ведаў асабiста, памiралi адзiн за адным. Потым ён пачаў пакрысе разумець, што фiксаваў жыццё (а заадно i смерць), але ў той жа час яно абмiнала яго. Ён праседжваў яго за сталом начнога рэдактара не бог ведае якой там газеты. Несумненна, гэта i была важная падстава для намеру кiнуць работу ў газеце.