Афармiцель не стаў спрачацца, шчаслiвая доўгачаканасць здарылася, i цяпер можна выпiць за яе.

- Хо-о, каго мы бачым! Няўжо генii ходзяць у рэстарацыi? - да афармiцеля праз усю залу крычаў былы аднакурснiк. - Давай да нас! Штрафную яму!

Афармiцель прайшоў да стала. Застолле было на добрым падпiтку, але з'яўленне новага кампаньёна ўспрыняло з насцярогаю. Хто iх ведае, гэтых цвярозых?

- Да дна! I закускi, - шумеў аднакурснiк. - Дзень варэння ў мяне, чацвёрты дзясятак размяняў. Гуляю, як магу. Паглядзi, якiя жанчыны.

Тыя апусцiлi вочы.

"Няблага атрымлiваецца ў Малога чалавека, - падумаў афармiцель. Праўда, жанчыны маглi б быць i маладзейшыя, бо пасля другой чаркi я сябе адчую лiшнiм".

- За твае трыццаць гадоў, - афармiцель падняў поўную, як вока, чарку.

- За мяне тут пiлi-перапiлi. Прапаную выпiць за генiя, якi не грэбуе нашым сталом, а потым патанчыць.

Мужчыны выпiлi, жанчыны зрабiлi па глытку i пайшлi танчыць, афармiцель застаўся адзiн. Аркестр iграў без напругi.

Праз хвiлiну афармiцель курыў на ганку.

- Як? - спытаўся Малы чалавек.

Афармiцель глянуў на неба.

- Iдзi да рэчкi, там будзе лодка - пераедзеш на другi бераг. Тут два крокi да рэчкi, а там два крокi да гатэля. У гатэлi лепш, там бар i рэстаран.

Афармiцель праз сквер спусцiўся да Свiслачы. Каля берага стаяў човен. Побач па пояс у вадзе стаяў чалавек i намыльваў галаву. Ён паклаў мыла ў човен i сказаў да афармiцеля:

- Сто гадоў не купаўся, а тут узяў човен напракат i не вытрымаў. Вось як, а вада цёплая-цёплая, нiбыта ў дзяцiнстве.

Ён зайшоў у ваду па грудзi i нырнуў. Вынырнуў ён далёка, афармiцель засумняваўся, што гэты чалавек сто гадоў не плаваў. I мыла ў яго адкуль?



10 из 126