
- Жорстка трэба, жорстка i без акцэнту. У нас нацыянальны тэатр, зазлаваў Масавiк.
- Ты, кiж-лун, - саркастычна кiнула акторка.
- А ты гла-ма-зда! - адсек актор.
Яны склалi фiгуры з пальцаў.
- Нюхай!
- Цалуй!
- Бэ-э-э, - яна свiдравала пальцам скронь.
- Э-э-э, - ён вывалiў язык.
Потым ён ускiнуў кулак i рушыў на яе. Яна зазванiла зубамi.
- Стоп! Стоп! Стоп! - замахаў рукамi Масавiк.
Акторы павярнулiся да яго i ў адзiн голас сказалi: "Кадук!"
Масавiк знiякавеў.
- Ты мая далiгойла, - магнiтафонным голасам сказаў актор i шырока раскiнуў рукi.
- Ты мой абiзгал, - акторка стала на дыбачкi i выструнiлася.
I ў гэты момант, з-за недагляду рабочых сцэны, апусцiлася заслона.
VIII. МАЛЫ ЧАЛАВЕК
Афармiцель быў у гуморы. Ранiцай ён атрымаў ганарар за афорты да зборнiка паданняў. Удзень вярнуў пазыкi, а ўвечары гуляў па праспекце спадзяваўся сустрэць знаёмага i адзначыць падзею. Ганарар, як-нiяк. Вядома, можна было затэлефанаваць цi зайсцi да сяброў, але тады страчвалася шчаслiвая доўгачаканасць, у якую верыў афармiцель. Ён начытаўся паданняў i быў упэўнены, што лесуны, дамавiкi i русалкi павiнны яму аддзячыць за свае партрэты ў тоўстым зборнiку.
Афармiцель праходзiў каля рэстарана, калi пачуў тонкi голас:
- Iдзi ў рэстаран.
Афармiцель азiрнуўся, але нiкога не заўважыў i пайшоў паўз рэстаранны партал.
- Вярнiся i зайдзi ў рэстаран, - загадаў тонкi голас.
Афармiцель глянуў пад ногi i ўбачыў Малога чалавека, што стаяў на тратуары. Малы чалавек быў велiчынёю з сярэдняга ката, калi таго паставiць на заднiя лапы. На iм быў спартовы строй, а за плячыма - рэчмяшок. Падабенства з катом надавалi вусы i вочы бутэлечнага колеру.
- Я Малы чалавек, - ён падмiргнуў кацiным вокам. - Мне даручылi арганiзаваць свята ўдзячнасцi. Звычайна я гэткiм часам бегаю, займаюся марафонам дзеля задавальнення, а не дзеля рэкордаў, як людзi. Але, калi трэба дапамагчы зрабiць гэты вечар святочным, дык дапаможам. Iдзi ў рэстаран.
