- Так i паверыла, з разгону, спадабалася. Кажы, што трэба, а не, дык дапiваю i сыходжу, - гандлярка вылiла рэшткi гарэлкi з пляшкi ў Шрыфтавiкову шклянку.

- Я хацеў намаляваць вас, - не здаваўся ён.

- Ну, тады чао-о, - яна выпiла паўшклянкi адным глытком i ўстала.

- Чакайце! А нашто вы сюды прыйшлi? Пэўна ж, не з-за таго, каб спытаць, чаго мне не хапае?

- Цiкава было паглядзець, як жывуць мастакi ў сапраўднасцi, бо нядаўна бачыла iх у кiно.

- Ну, i як жывуць мастакi?

- Бедна. Як усе звычайныя "саўкi", бедна.

Шрыфтавiк засмяяўся пасля гэтага кароткага вызначэння.

- А што? Можа, няпраўда? Паглядзi ў люстэрка. Цябе нiбыта з памыйнiцы выцягнулi. Нават у камiсухах можна лепей апрануцца. А мэбля? На якiм сметнiку ты яе адшукаў? I такiя ствараюць прыгажосць? Смешна! Гэта я з цябе павiнна смяяцца, а не ты з мяне. Сонейка.

- А вы жывяце багата?

- Ды мой станiк каштуе больш, чым усё, што на табе ёсць разам з тваiм будзiльнiкам фiрмы "Прамень".

- Няўжо ваш станiк з Парыжа?

Гандлярка схапiла за рыльца пляшку з-пад гарэлкi i ўзняла над галавою.

- Маўчаць! Сонейка.

- Спакойна. А цяпер я пералiчу, што мне з-пад вас трэба. Вы ж самi хацелi. Так?

- Давай! - гандлярка апусцiла пляшку.

- Кiтайская туш, набор галандскiх пэндзляў i венгерскiя фламастэры...

- Усё? - гандлярка пазяхнула.

- Не, не ўсё, яшчэ эстонскiя лiтрасеты.

- Заўтра прыйдзеш а дзясятай ранiцы, кошт падвойны.

- Няма пытанняў, - Шрыфтавiк налiў сабе "Рыслiнгу" i спытаўся: Будзеш?

- Буду! I нефiг было ламацца, вобраз ён шукаў... Ёханы манэ.

Адказнае даручэнне Шрыфтавiк выканаў у прызначаны тэрмiн.

XIV. ТУМАННIК

Каханкi вярталiся з возера ў горад.

- Туман, - сказала яна.

- Табе халодна? - спытаўся ён.

- Нiчога не вiдаць...

- Вазьмi маю куртку.



21 из 126