
- Звычайна натуршчыцам плацяць грошы. Магу падарыць вам афорт цi акварэль.
- Добра, потым пагаворым. А пятай чакаю на трамвайным прыпынку.
Шрыфтавiк вярнуўся ў майстэрню. Прыбраў. На сцены ён павесiў некалькi старых, яшчэ студэнцкiх эцюдаў з аголенымi жанчынамi.
А пятай Шрыфтавiк сустрэў на прыпынку гандлярку. Тая пацiкавiлася, цi далёка ехаць, а калi даведалася, што далёка, дык узяла мастака пад руку i павяла на таксовую стаянку.
У майстэрнi гандлярка з вульгарнай цiкаўнасцю разглядала i нават кранала старыя эцюды.
- I гэтыя старыя бэ не саромелiся трэсцi абвiслымi жыватамi перад такiмi, як ты? - здзiўлялася яна.
- У Парыжы прафесiя натуршчыцы адна з самых прэстыжных, - Шрыфтавiк дастаў з лядоўнi бутэльку венгерскага "Рыслiнгу".
- Мы ж не ў Парыжы, дый наўрад цi гэтыя тоўстыя бэ змаглi б там уладкавацца на добрае месца. Акрамя воцату ў цябе нiчога няма?
- "Рыслiнг" - добрае вiно, але ёсць яшчэ паўпляшкi гарэлкi.
- Сам пi воцат, а мне гарэлкi налi.
Шрыфтавiк пашкадаваў, што запрасiў гандлярку. Пасля трэцяй чаркi яна пачала расказваць брыдкi эпiзод са свайго працоўнага жыцця. Пасля заканчэння гандлярскае школы яе накiравалi ў прамтаварную крамку, а яна, каб не працаваць, зламала сабе ўказальны палец на правай руцэ. Пальчык, гандлярка казала менавiта "пальчык", яна засунула ў дзверы i з усяе моцы ўдарыла па iх нагою. Два тыднi не хадзiла на працу. А потым яе сяброўка з унiвермага "Беларусь" прапанавала з'ездзiць у лазню з адным вялiкiм начальнiкам. Цяпер раз на два тыднi яна ездзiць з тым начальнiкам у загарадны спарткомплекс i працуе ў самым вялiкiм унiвермагу.
- Маю ўсё, што захачу, - скончыла гандлярка сваю прыпавесць.
- А што вы хочаце?
- Ты ўсё роўна не ведаеш, таму з табой нецiкава гаварыць. Лепш скажы, што табе трэба. Думаеш, я поўная iдыётка i не прасякла, на што ты мяне прывалок?
- Вы мне спадабалiся, - схлусiў Шрыфтавiк.
