
- Карцiны, - загадаў кiраўнiк.
Жанчыны спынiлiся, абнялiся i старанна пачалi разыгрываць сцэны лесбiянства. Яны амаль натуралёва цалавалiся i пяшчотна лашчылiся, калi Вадзянiк неўпрыкмет знiк са свайго ўтульнага кутка. На крэсле застаўся парожнi слоiк з-пад кансерваванага гарбуза ды вiдэлец у iм.
Дзверы ў лазню засталiся прачыненыя. На вулiцы крулявала лета. Шаравая маланка магла заляцець у лазню i спалiць яе разам з "карцiнамi". Так i здарылася.
На папялiшчы знайшлi вiдэлец, легкавую машыну афiцыйнага колеру знайшлi толькi праз тыдзень на беразе возера Свiцязь, а Вадзянiка дагэтуль небеспадстаўна шукаюць, бо дзверы трэба зачыняць.
IV. ДАМАВIК-2
Муж спаў, жонка чытала, калi ў дзверы пагрукалi. Яна паспрабавала пабудзiць мужа, але той не прачынаўся, ён спаў мёртвым сном. Пагрукалi зноў. Жонка крадком зiрнула ў дзвярное вочка. На пляцоўцы стаяў i глядзеў на яе Дамавiк. У Дамавiка быў твар добра знаёмага чалавека, чыё iмя яна нiяк не магла прыгадаць. Жанчына ўскрыкнула, але муж так i не прачнуўся.
Дамавiк дастаў з глыбокай кiшэнi свайго скуранога палiто вялiзную манiсту рознакалiберных ключоў, выбраў патрэбныя, адчынiў замкi i зайшоў у перадпакой, дзе сядзела на падлозе перапалоханая жанчына.
- Муж прачнецца, - яна баранiлася, як магла.
- Не прачнецца, ён спiць мёртвым сном, i можаш думаць, што ты ўдава.
У перадпакоi моцна запахла вiльготнай скурай. На вулiцы, пэўна, лiло як з вядра, бо Дамавiк быў ушчэнт мокры. Са скуранога крыса падалi на падлогу буйныя кроплi.
Дамавiк зняў капялюш, сцягнуў пальчаткi, скiнуў палiто... Вастраносыя боты ён паставiў побач з наваксаванымi чаравiкамi мужа.
- Толькi не тут, - папрасiла жанчына.
