- Пайшлi да святой вады, - прапанаваў гаспадар закiнутага кляштара.

- Чакай, - кiраўнiк адчынiў багажнiк, дзе хавалася вялiкая кардонная скрыня.

Вадзянiк прыхапiў скрыню, i госцi пайшлi па высокай траве за джутавай спiнаю Вадзянiка.

За палацам, у лагчыне, стаяла на святой крынiцы лазня, збудаваная паводле праекта кiраўнiка. Лазня была падрыхтаваная да ачышчэння цi забруджвання, бо ўсё залежыць ад светапогляду i веравызнання.

Даведка

Кляштар, заснаваны ў ХV стагоддзi на цыганскай святой крынiцы. Некалькi разоў ён пераходзiў ад каталiкоў да праваслаўных i наадварот. Доўгi час у кляштары мясцiўся сiрочы iнтэрнат. У 50-х гадах нашага стагоддзя iнтэрнат перавялi ў райцэнтр i кляштар канчаткова заняпаў. З 80-х на тэрыторыi кляштара жыве мужчына, прозвiшча - Вадзянiк.

Бландзiнка i брунетка распакавалi скрыню, сабралi на стол, распранулiся. Яны пакiнулi на сабе толькi ўпрыгожаннi: бранзалеты, пярсцёнкi, завушнiцы, каралi, кулоны, залатыя ланцугi, крыжы, грабеньчыкi, заколкi...

Калi жанчыны разлiлi па фужэрах густы каньяк, Вадзянiк сказаў:

- Не п'ю.

- Ха-ха, - мовiла аголеная бландзiнка i паправiла бранзалет.

- Хi-хi, - мовiла аголеная брунетка i паправiла пярсцёнак.

- Што праўда, тое праўда. Не п'е, - падсумаваў кiраўнiк.

Госцi выпiлi каньяк.

- Музыка, - сказаў кiраўнiк.

Уключыўся магнiтафон.

Вадзянiк сядзеў у кутку i са смакам еў сакавiтыя скрылiкi кансерваванага гарбуза. Ён еў вiдэльцам са слоiка.

- Горача, - кiраўнiк расшпiлiў верхнi гузiк сваёй афiцыйна-крухмальнай кашулi. - Распранiце мяне.

Жанчыны спрытна распранулi кiраўнiка.

- Танцы, танцы, танцы! - лазню запоўнiлi кiраўнiковыя воплескi.

Жанчыны таленавiта затанчылi на жоўтай падлозе ў сакрэтнай лазнi. Яны спакушальна пагойдвалi клубамi, плаўна выгiналi станы, сарамлiва закрывалi далонямi твары... Кiраўнiк змрочна пiў каньяк з лiмо-нам. А Вадзянiк, абыякавы да падзей, пiў са слоiка гарбузовы марынад.



3 из 126