- Дай... - неакрэсьлена выдыхнуў госьць, зь нецярплiвасьцю страсянуўшы рукамi.

- Чаго табе даць? - не зразумеў Трахiм.

- Ну гэты, як яго?.. - Краваблоцкi скрывiў гiмору, крутнуў пальцамi гэткiм рухам звычайна ўкручваюць лямпачкi - i з шумам увабраў паветра, згадваючы - як называецца тое, што яму трэба. - Ну гэты... во, - госьць тыцнуў пальцам у кут i дзед Трахiм уражана крутнуў галавою.

- Табурэт табе трэба, цi што?

- А во-во... табурэт, - прасьвятлеў з твару Крываблоцкi.

Данiк падхапiў табурэтку, зiрнуў на Мiколу, якi й дагэтуль ляжаў на канапе, пакутуючы з пахмельля, i выкулiўся з хаты.

- Зусiм мазгi прапiў, - уздыхнуў стары. Ня ведаючы - чым заняць рукi, Трахiм спачатку схапiўся за венiк, потым запiхнуў у торбу пустыя бутэлькi, нарэшце, адчынiў вакно i ўпусьцiў у пракураную хату сьвежае паветра.

На двары з ашалелай зацятасьцю цвыркалi вераб'i, на суседняй вулiцы гарлалi пеўнi, непадалёку ляскатаў трактар - няйначай, гасютавы, - i да ўсiх тых суладных зыкаў далучалася звонкае i разам з тым непрыемнае шаргаценьне. Гэта Данiк, узьбiўшыся на табурэт, раскеўзваў кельняй па камлызе нейкую шэрую глiну.

"I што з усяго гэтага будзе?"- падумаў Трахiм, вынес у сенцы торбу з бутэлькамi, а калi iзноў зiрнуў у вакно, дык убачыў нейкага дарэшты апухлага мальца, якi стаяў за Данiкавай сьпiнай i пацiраў даланёю пляшывую макаўку.

- Хто гэта цябе так? - запытаўся Крываблоцкi i стары пазнаў у апухлым мальцы свайго суседа Гасюту.

- Ваўчыца... хто ж яшчэ... - Гасюта ўздыхнуў, зацкавана паглядзеў на камлыгу: - Алебастрам мажаш, цi як?

- Алебастрам, - незадаволена выгукнуў Крываблоцкi, а замазаўшы чарговую дзiрку, прамармытаў: - Iдзi... пакiнулi там табе... на апахмелку.

Стары адышоў ад вакна, пазяхнуў наастачу i падаўся на тапчан.



10 из 20