
- Мiканор... як жа мы цяпер... безь яго?.. - здушана галасiла кабецiна, уткнуўшыся лобам у пагон мужавага шыняля.
- Капа, нам усiм цяжка... - мармытаў начальнiк дэпо, неадрыўна пазiраючы ўгору - туды, дзе завiхалiся ўвiшныя вераб'i i дзе вiсеў бляшаны рупар гучнагаварыльнiка.
Трахiм аглядзеў краем вока натоўп i зьнерухомеў ад нечаканасьцi. Праваруч, у атачэньнi паравозьнiкаў, стаялi Мiкола з Гасютам. Абое былi на ладным падпiтку, абое смалiлi папяросы i задаволена пасьмiхалiся, падставiўшы золкаму ветру свае - Мiкола малочна-белыя, а Гасюта пракурана-пажоўклыя - зубы.
"Божухна, заберуць!"- мiльганула падспудная думка i ў гэты момант бляшаны рупар крактануў, вераб'i разам узьнялiся ў паветра i навакольле напоўнiў хрыпучы левiтанаўскi голас:
- Пайшоў з жыцьця прадаўжальнiк вялiкай справы Ленiна, друг i настаўнiк працоўных усяго сьвету... - Левiтан зрабiў паўзу, за сьпiнай - раней часу загуў ды асекся паравозны гудок i чыйсьцi знаёмы голас пакутлiва выдыхнуў: Фу, бляць, як цяжка...
Стары разьмежыў павекi. Уваччу паплыла, а потым замёрла на месцы квяцiстая фiранка.
- Ой, бляць, як цяжка! - застагнаў Данiк Крываблоцкi i Трахiм адхiнуў фiранку.
Гадзiньнiк на кухнi паказваў палову дзесятай.
- Памiраю... сэрца спыняецца... - чародным разам выдыхнуў Данiк i з вохканьнем скiнуў на падлогу нягнуткiя ногi.
Сэрца ў Крываблоцкага, вiдаць, i сапраўды спынялася, бо Данiк быў белым як палатно, а нiжняя скiвiца безупынку калацiлася.
"Каб не памёр, халера на яго", - падумаў стары i, апанаваны трывожнымi думкамi, палез пад тапчан, дзе яшчэ з пазалеташнiх Калядаў была прыхаваная пляшка "чарнiла".
... Данiк пiў "Водар мяты" нагбом, з рыльца, а выпiўшы поўбутэлькi задаволена адрыгнуў i гукнуў праз плячук: - Гасюта!
- Сышоў... яшчэ зранку, - гукнуў дзед Трахiм i, сьцiшыўшы голас, дадаў: П'юць, пакуль на падлогу ня зваляцца.
III
Дзесьцi праз гадзiну, а мо й раней Данiк iзноў увалiўся ў хату.
