
Трактар натужлiва завуркатаў, зямля здрыганулася i з вады ўзьнялося штосьцi зялёнае i круглявае. Напачатку цяжка было ўгледзець у бясформеннай камлызе чалавечыя вiдарысы i толькi калi камлыга прапаўзла па пясочку, а затым успарола берагавы дзiрван, пакiнуўшы на iм пасму зялёнай тванi, сталi праглядацца няўклюдная галава i шырокая грудзiна.
- Някволы бюсьцiк... чатыры тоны пацягне! - выдыхнуў Мiкола, з натхненьнем выкручваючы свае шырозныя, у "сэканд-хэндзе" куплёныя трусы.
Сябрук у адказ задаволена крэкнуў, перакiнуў з рукi на руку пакарабачаную манцiроўку i мiжволi прыпынiў крок, рахуючы - колькi "зялёных" iм адваляць за бронзавага балвана.
Манцiроўка ляснула тупым канцом па балвану i гук ад удару атрымаўся глухiм i няўцямным.
- Цэмэнт, - прамовiў дзед Трахiм, а ўнук, пасьпеўшы нацягнуць трусы толькi на левую кумпячыну, перахапiў манцiроўку i з амонаўскiм натхненьнем стукнуў балвана па няўклюднай галаве.
- Цэмэнт, - уголас прашапталi хлопцы i разам паглядзелi на дзеда.
- Ну што, дзядуля... дзе твая бронза? - голас Мiколавы дрыжэў, як авечы хвост, - папёрлiся... зь цёмнага рана... по-омнiк... бро-онзавы... - унук мацюкнуўся, падцягнуў трусы i рушыў да "беларуса" - дапiваць рэшткi гарэлкi.
Добрых поўгадзiны хлопцы моўчкi ляжалi на траве, смалiлi цыгарэты, нарэшце, Гасюта падняўся на ногi i, кiўнуўшы ў бок камлыгi, запытаў:
- Дык што, адвязваем?
- Ды не-е... - прыспана прамовiў Мiкола, - цягнi да дзедавай хаты. Будзе ведаць, як народу мазгi дурыць.
- Ты што, ашалеў? Навошта мне гэтая халера! - крыкнуў дзед Трахiм, але Гасюта тым часам ужо залез у кабiнку, паддаў газу i цэмэнтавая гаргара, пакiдаючы па сабе глыбокую баразну, папаўзла па беразе.
Унук Мiкола ўжо трэцi тыдзень гасьцяваў у дзедавай хаце. Адранку глушыў рыбу на рачных затоках, удзень непрабудна спаў, а ўвечары хадзiў у мясцовы клюб, альбо пiў гарэлку на пару зь дзедавым суседам - трыццацiгадовым мэханiзатарам Гасютам. Вось i пазаўчора, узяўшы пляшку, унук выправiўся да суседа, але неўзабаве вярнуўся, цягнучы на плячы двухвядзёрны, зьзелянелы ад часу самавар.
