
- У Гасюты, на гарышчы знайшлi, - патлумачыў унук, а калi дзед з усьмешкай спытаў - навошта ён прыпёр гэтае ламачча? - безнадзейна махнуў рукой i падаўся з хаты.
Наступным ранкам Мiкола спаў даўжэй звычайнага, а прачнуўшыся, працягнуў няскончаную размову.
- Гэта, дзеду, не ламачча, а каляровы мэтал. Мне за яго пяць тваiх пэнсiяў дадуць, - унук спружна пацягнуўся, вохнуў i пачухаў абедзьвума рукамi свае пакусаныя камарамi i парэпаныя аб рачныя карчажыны ногi.
Словы такiя пакрыўдзiлi дзеда.
- Мне маёй пэнсii хапае. I табе даю... на пляшку, - буркнуў стары, пайшоў да дзьвярэй, i ўжо з парогу дадаў: - Тут, непадалёку, гэтага мэталу цэлая тона ляжыць.
Сказаў гэта дзед не падумаўшы, а калi падумаў, унук ужо стаяў на ганку i дапытлiва чухаў голае чэрава.
- Ты што, сапраўды ведаеш, дзе медзь прыхавана?
Стары дастаў "беламорыну", скамечыў яе ў гармонiк, потым выцягнуў запалкi i ўнук, перарахапiўшы карабок, паднёс запаленую сярнiчку да дзедавага носу.
- У рацэ ляжыць, - выдыхнуў, разам з папяросным дымам, дзед Трахiм, прысеў на край ганку i, пасьля глыбокай зацяжкi, ад якой нават пацямнела ўваччу, распавёў унуку гiсторыю саракагадовай даўнiны.
... Аднойчы, золкай восеньскай ноччу, Трахiм пайшоў на раку ставiць донкi, i нечакана з прырэчных кустоў насустрач яму выйшаў мiлiцыянт у плашч-накiдцы. Зыркнуўшы з-пад насунутага на вочы капюшону, мiлiцыянт загадаў тэрмiнова пакiнуць бераг, бо тут мусяць адбыцца вайсковыя вучэньнi.
"Цi не пантонны мост наводзяць?"- падумаў Трахiм, адышоў мэтраў на дзьвесьце i залёг за купiнай - вырашыў паглядзець, як там усё будзе. Ляжаў доўга, скалеў увесь, хацеў быў ужо да хаты падацца, ды тут на бераг - з натужлiвым выцьцём - выехаў самазвал i, даўшы задам, заехаў у ваду. Месца, куды заехаў самазвал, было адметным: там, непадалёку ад берага, круцiў хлапякi белай пены глыбокi вiр - у вiры, адразу па вайне, знайшлi тапельца, а таму тутэйшыя рыбакi нiколi не закiдвалi там вуды.
