- Чаго вылупiлiся? - гыркаў Гасюта на цётак, што йшлi ў краму, ды спынiлiся паглядзець - што мальцы будуць рабiць з цурбаном ды бэтоннай камлыгай. Цёткi паправiлi хусткi на галовах, стоена зашапталiся, а Гасюта падхапiў з-пад плоту даўгую жардзiну, загнаў тонкi канец пад цурбан i яны ўдвох зь Мiколам пакацiлi яловы кругляк да весьнiц. Усё было б нiшто, ды надарылася неспадзеўка: жардзiна з трэскам абламiлася, стукнула Мiколу па карку, i кампаньён, пачуўшы сьмех грамады, са злосьцю выдыхнуў:

- Г'анд-доны...

Працаваць у атачэньнi натоўпу не выпадала, а таму, падкацiўшы калоду да весьнiц, Гасюта абабiў перапэцканыя ў яловую жывiцу рукi i голасна, каб чула грамада, абвясьцiў:

- На сёньня ўсё!

"I тузанулi ж мяне за язык, - падумаў Трахiм, правёўшы даланёй па няголеным падбародзьдзi, - ляжаў бы сабе на дне, пакуль не рассыпаўся, дык не... выцягнулi нячысьцiка..." - стары ўздыхнуў, падаўся ў хату i сьледам за iм, заглушыўшы трактар i абмацюкаўшы грамаду, рушылi Мiкола з Гасютам.

- Ну што за людзi! Паўгорада зьбеглася, нiбыта яны калоды ня бачылi... ад парога гукнуў зьнерваваны ўнук, а дзед, пазяхнуўшы ў далонь, лёг на тапчан i змучана аддзьмуўся.

На кухнi рыпнула падлога i Гасюта - з воклiчам "Обана!" - грукнуў аб стол чымсьцi цьвярдым i булькатлiвым.

- Вось гэта лоўка! - акрыялым голасам азваўся Мiкола.

- Хопiць iм i адной... Летась пiлавiньне грузiў - нiхера не паставiлi... растлумачыў Гасюта, а Мiкола ўдарыў у ладкi i кiнуўся ў прысенак, дзе стаяла газавая плiта.

- Зараз, бляха, яечню згламэздаем.

Пакуль Мiкола завiхаўся з патэльняй, Гасюта, падобна, адкаркоўваў пляшку, потым бразнуў шклянкамi i нягучна прамовiў:

- Увечары яму выкапаеш... Сантымэтраў на семдзесят, глыбей ня трэба. Заўтра ад ранку калоду паставiм, а ў абед Сiвоха кран падгонiць.

У шклянцы - стоена, але разам з тым упэўнена - зацурчэла гарэлка i пад тыя чароўныя гукi Трахiм заплюшчыў павекi.

На наступны дзень, ад самага ранку, ва ўтульнай Трахiмавай хаце грукалi дзьверы, бразгалi шклянкi i лiлася п'яная гамонка. Першымi завiталi два хлопцы з пiларамы i Мiкола бегаў да мясцовых цыганаў па самагонку. Блiжэй да абеду ў хату ўвалiлiся Гасюта з вадзiлам аўтакрану, усе разам дапiлi цыганскi трунак i, трымаючы пад пахi аднаго з пiльшчыкаў, пайшлi ўздымаць правадыра на "п'едэстал".



6 из 20