- А ну, салагi, прэч адсюль! - пагрозьлiва гукнуў Мiкола, але голас пасьля купаньня дарэшты асiп i падшыванцы працягвалi валтузiцца на помнiку.

- Каму сказаў... - Мiкола выдзер з паркану збуцьвелую штыкецiну i гэта дапамагло: дзятва сыпанула ўбокi, але далёка не адбегла.

- А гэта што - помнiк? - запытаўся адзiн з падшыванцаў - малец грыз нясьпелы яблык i пры гэтым гучна чвякаў.

- Помнiк... помнiк, йоп вашу... - буркнуў Мiкола, перакрывiўся i сплюнуў пракiслую сьлiну.

Пасьля недасыпу i выпiтай гарэлкi галава Мiколава балела, настрой быў паганы, а таму зь языка зьляталi мацюгi i глытку вярэдзiлi глухiя ўздыхi. Аднак, абышоўшы помнiк, Мiкола пажвавеў i, маракуючы пра штосьцi сваё, павадзiў рукамi ў паветры, нiбыта ён - у думках - укараноўваў сьнежную бабу важкай галавою.

- Ну i што ты будзеш рабiць з гэтай халерай? - гукнуў, перабiваючы думкi, дзед Трахiм: дзед стаяў ля весьнiц i пыхкаў беламорынай.

- Як што? Адрэстаўруем. Выставiм на продаж, - унук выцяў бэтоннага балвана мыском чаравiка. - Думаю, пару тысячаў баксаў возьмем.

- Эгэ-э, Мiколка... Каму ён трэба? - стары папярхнуўся дымам, здушана закашляў. - Вунь i нос адбiты... i ў дзiрах увесь...

- Кавэрны замажам, нос прылепiм... пафарбуем. Карацей, будзе правадыр як навюткi... Ты вось што, дзеду... - унук азiрнуўся, увабраў голаў у плечы, трэба хлопцам... з пiльнi... пару пляшак паставiць... Пазыч да вечару... Гасюта прыедзе - аддасьць.

Стары нiчога не сказаў i толькi зварухнуў пальцамi, рахуючы - колькi яшчэ дзён унук прабудзе на пагасьцiнах.

Па абедзе Трахiм прылёг на тапчан, адразу ж заснуў i неўзабаве быў абуджаны лескатаньнем гасютавага трактару. Трактар ехаў па вулiцы i ззаду за iм, уздымаючы пылюку, валачылася на тросе таўшчэзная калода.

- Божухна, i калi гэта ўсё скончыцца? - прашаптаў стары i з вохканьнем выйшаў на ганак.

Ля Трахiмавай хаты тым часам ужо зьбiраўся народ.



5 из 20